26-гадовая расейская лыжніца хоча перайсці ў зборную Беларусі



26-гадовая спартоўка Вікторыя Калініна праходзіць прагляд у нацыянальнай камандзе, у выпадку поспеху яна зможа пачаць выступы пад беларускім сцягам ужо ў будучым сезоне. Калініна ўваходзіла ў склад юніёрскай зборнай Расеі, двойчы станавілася трэцяй на юніёрскім першынстве гэтай краіны. У мінулым сезоне Вікторыя выступала на этапах Кубка Усходняй Еўропы і FIS-гонках, дзе часцяком саступала лыжніцам, якія не ўваходзяць у склад нават рэзервовай зборнай Расеі. Кіраўнік Федэрацыі лыжных гонак Беларусі Андрэй Каваленка раней адзначаў, што лыжніца, якая знаходзіцца на праглядзе, у перспектыве зможа выступаць на ўзроўні топ-20 Кубка свету.

Гол нападніка «Іслачы» трапіў у дзесятку галоўных падзей сусветнага футбола за тыдзень

Брытанскае выданне Planet Football адзначыла дакладны ўдар 22-гадовага Момо Янсанэ. Гвінеец прынёс перамогу свайму клубу над гарадзенскім «Нёманам» за некалькі хвілін да заканчэння матчу 1-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Хутчэй за ўсё, прыгожыя галы адзінага чэмпіянату Еўропы будуць трапляць ва ўсе бліжэйшыя рэйтынгі брытанскага выдання.

Трэнер „Руху” распавёў, ці магчымы прыпынак чэмпіянату Беларусі з-за каронавіруса

Як заявіў Андрэя Ферапонтаў, чэмпіянат краіны праходзіць з-за палітычнай волі кіраўнікоў Міністэрства спорту і Федэрацыі футбола Беларусі. У дадзены момант беларускі чэмпіянат транслюецца на многіх папулярных спартовых тэлеканалах суседніх краін – „Матч ТБ” у Расеі, „Спорт 1” ва Украіне. Гэта таксама дае падставу працягваць праводзіць гульні. У сувязі з гэтым да турніру прыкавана падвышаная ўвага, букмекерам трэба на чымсьці зарабляць, і яны дадаткова асвятляюць і анансуюць гульні чэмпіянату Беларусі. Увогуле, дадзеная сітуацыя папулярызуе беларускі футбол. Але верагоднасць, што чэмпіянат усё ж спыняць, са слоў трэнера берасцейскага «Руха», існуе. Федэрацыя футбола і Міністэрства спорту сутыкаюцца з вялікім ціскам з боку УЕФА, Федэрацый футбола іншых краін, грамадскай думкай, медыкі таксама б’юць трывогу. Другі тур чэмпіянату адбудзецца, – гэта абвясцілі пасля нарады ў Міністэрстве спорту, а як будзе развівацца сітуацыя далей, – паглядзім, – цытуе словы трэнера выданне «Прессбол» са спасылкай на сайт sports.kz.

Віталь Радзівонаў пакінуў пасаду начальніка „Энергетыка” -БДУ

Былы форвард барысаўскага БАТЭ Віталь Радзівонаў пакінуў пасаду начальніка каманды „Энергетыка” -БДУ. Спецыяліст займаў гэтую пасаду са жніўня мінулага года. Замест Радзівонава функцыі начальніка каманды „студэнтаў” будзе выконваць Аляксей Пігулеўскі, адзначае прэс-служба „Энергетыка”.

Хатнія таварыскія матчы зборнай Беларусі па хакею адменены

Таварыскія матчы зборнай Беларусі, запланаваныя на красавік, адменены з-за забароны на правядзенне міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі, паведамляе hockey.by. У рамках падрыхтоўкі да адмененага раней Чэмпіяната свету па хакеі і алімпійскай кваліфікацыі каманда Міхаіла Захарава павінна была правесці на „Чыжоўка-Арэне” серыю спарынгаў са зборнымі Латвіі і Казахстана. Інфармацыю пра тое, як вярнуць грашовыя сродкі за квіток, знойдзеце на сайце федэрацыі.

Аляксандр Андрыеўскі застанецца на пасадзе галоўнага трэнера „Сочы”

Беларускі спецыяліст Аляксандр Андрыеўскі захавае пасаду галоўнага трэнера „Сочы”. Пра гэта распавёў гендырэктар клуба Сяргей Варапаеў.

Ёсць агульнае жаданне працягнуць супрацоўніцтва. Зараз Аляксандр Леанідавіч разам са спартовым кіраўніцтвам клуба займаецца фармаваннем каманды і спартовага штаба. Плануем захаваць амаль увесь трэнерскі штаб, але будзем яго ўзмацняць”, – цытуе Варапаева прэс-служба „Сочы”.

Кубак Беларусі па акадэмічным веславанні пераносіцца на нявызначаны тэрмін

У мэтах прадухілення распаўсюду каронавіруснай інфекцыі Кубак Беларусі па акадэмічным веславанні пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Рашэнне пра канкрэтныя даты, калі адбудзецца розыгрыш трафея, або канчатковай адмене кубкавай рэгаты будзе прынятае ў красавіку. Зробяць гэта, беручы пад увагу змены ў міжнародным спаборніцкім календары і з улікам эпідэміялагічнага становішча. Раней Міжнародная федэрацыя веславання адмяніла ўсе афіцыйныя спаборніцтвы да канца траўня. Разам з тым чэмпіянат Еўропы 2020 года, які па папярэдніх дадзеных павінен прайсці з 5 па 7 чэрвеня ў польскім Познані, арганізатары спаборніцтваў пакуль не пераносілі.

Гандбольны сезон у Еўропе можа аднавіцца ў чэрвені

Еўрапейская федэрацыя гандбола плануе ў чэрвені аднавіць правядзенне спаборніцтваў, якія былі спыненыя ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Калі дазволіць сітуацыя, летам матчы будуць праводзіцца толькі пры магчымасці забеспячэння бяспечных умоў для ўсіх удзельнікаў – гульцоў, трэнераў, суддзяў і гледачоў. Па папярэднім плане, з 3 чэрвеня па 5 ліпеня могуць прайсці адборавыя этапы спаборніцтваў нацыянальных зборных і клубных каманд. „Фінал чатырох” мужчынскай Лігі чэмпіёнаў і Кубка ЕГФ пераносяцца на жнівень, а „Фінал чатырох” жаночай Лігі чэмпіёнаў – на верасень.

Беларускае Радыё Рацыя