Пакаранні за патрыятычныя акцыі з кожным разам становяцца больш жорсткімі



У Свіслачы летась, 26 кастрычніка, традыцыйна ўшанавалі памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Мерапрыемства адбылося, аднак пасля 14 яго ўдзельнікаў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў.

Два чалавекі – Вітольд Ашурак з Бярозаўкі і намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч з Менску – толькі цяпер атрымалі паведамленні пра тое, што адміністрацыйныя справы ў дачыненні да іх спыненыя, паколькі скончыліся тэрміны разгляду. Таксама падобны дакумент мае атрымаць і лідар гарадзенскай абласной суполкі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Сітуацыю для нашага радыё каментуе гарадзенскі праваабаронца, і адзін з пакараных за мерапрыемства – Уладзімір Хільмановіч:

– Патлумачыць можна тым, што такіх дэмакратычных акцый – ушанаванне нацыянальных герояў, акцый, якія праходзяць пад бел-чырвона-белымі сцягамі – іх увогуле ў Беларусі застаецца з кожным годам усё менш і менш, таму што карная сістэма за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі, за ўшанаванне нашых нацыянальных герояў, яна як быў увесь час знаходзіцца ў дзеянні, і логіка відаць такая, а другая логіка – папаўняць мясцовыя бюджэты вось гэтымі недарэчнымі і абсурднымі штрафамі, якія прысуджаюць суды.

Цалкам гутарку з Уладзімірам Хільмановічам пачуем у новай аўтарскай праграме на хвалях нашага радыё пад назвай “Рэгіянальны кур’ер: ад Гародні – да Берасця”. Таксама ў праграме прагучаць урыўкі з архіўнага запісу размовы з Віктарам Дзясяцікам, з якім развітваліся якраз у Дзень памяці паўстанцаў. Пачатак праграмы ў 22.05 сёння, паўтор у 9.05 у нядзелю – паводле беларускага часу. У Польшчы – на дзве гадзіны раней.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя