Усіх, хто ўязджае ў Беларусь, чакае 14-дзённы каранцін
Савет Міністраў вызначыў меры па папярэджанні завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каронавірусам. Пастанова № 171 ад 25 сакавіка апублікаваная на сайце ўрада. Усе асобы, якія прыбываюць у Беларусь з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі COVID-19, на працягу 14-ці каляндарных дзён са дня прыезду павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі ў хатніх умовах, і не змогуць выехаць з Беларусі да сканчэння тэрміну самаізаляцыі.
Выключэнні робяцца для дыпламатаў, афіцыйных дэлегацый, замежнікаў, якія едуць транзітам праз тэрыторыю Беларусі і некаторых іншых катэгорый. У спісе краін, прыязджаючы з якіх трэба самаізалявацца, наступныя: Італія, Іран, Паўднёвая Карэя, Францыя, Германія, Іспанія, Польшча і Чэхія. Пастанова ўступае ў сілу адразу пасля яе апублікавання.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота mos.ru