Біcкуп Віцебскі Алег Буткевіч раіць вернікам засцерагацца ад хваробаў



Ён выдаў адмысловы дэкрэт у сувязі з пандэміяй каронавіруса. Дакумент апублікаваў партал «Каталіцкі веснік”.

Дэкрэт Біскупа Віцебскага мае назву “Аб парадку набажэнстваў і душпастырскіх мерапрыемстваў падчас пандэміі каранавіруса”. Згодна з ім, тыя вернікі, якіх ёсць праявы  ВРВІ (падвышаная тэмпература, кашаль, галаўны боль і г.д.), не павінны наведваць нядзельныя і святочныя набажэнствы. Устрымацца ад публічных наабажэнстваў біскуп раіць і тым, хто мае панічны страх заражэння. Людзі могуць маліцца дома, глядзець відэа- і тэлетрансляцыі са службаў, і  наведваць касцёл у той час, калі там не збіраецца шмат людзей на супольную малітву. Святарам неабходна арганізаваць працу  так, каб забяспечыць  доступ у храм, і каб кожны ахвотны, у тым ліку хворыя і нямоглыя людзі, маг прыйсці да споведзі.

Арганізатарам духоўных мерапрыемстваў дэкрэт прапануе разгледзець, наколькі яны зараз неабходныя і ці магчыма іх адмяніць або перанесці на іншы час. Калі вядзецца пра пахаванне чалавека, то пажадана, каб абрад адбываўся толькі на могілках, пры ўдзеле найбліжэйшых сваякоў. 

Біскуп заклікае вернікаў Віцебскай дыяцэзіі не паддавацца паніцы, але няўхільна выконваць загады і распараджэнні службаў аховы здароўя і грамадскай бяспекі”.

Ганна Ліпка, Беларускага Радыё Рацыя