Авіяцыйныя ўлады Беларусі вядуць перамовы з Расеяй аб захаванні авіязносін



 У Беларусі ў сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса COVID-19 разлічваюць на захаванне авіязносін з Расійскай Федэрацыяй, паведамляе дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

Аэрапорт Унукава. Масква. Фота airht.info.

У сувязі з прынятым сёння, 26 сакавіка, рашэннем Расеі аб спыненні рэгулярных і чартарных палётаў з расейскіх аэрапортаў і ў зваротным кірунку (у ноч з 26 на 27 сакавіка ў 00.00) дырэктар дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі правёў тэлефонныя кансультацыі з першым намеснікам міністра транспарту — кіраўніком Расавіяцыі Аляксандрам Нярадзькам, „падчас якіх выказаная ўзаемная прыхільнасць да захавання паветраных зносін паміж дзвюма краінамі”.

„Беларускі бок прытрымліваецца пазіцыі захавання авіязносін паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Федэрацыі з улікам цесных узаемаадносін дзвюх дзяржаў”, — прыводзяцца ў паведамленні словы Сікорскага.

Дэпартамент па авіяцыі падкрэслівае, што ў сваёй дзейнасці прытрымліваецца рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, скіраваных на неабходнасць прыняцця мер па ўстойлівасці паветраных зносін паміж краінамі з захаваннем найвышэйшага ўзроўню бяспекі. У дэпартаменце лічаць, што „меры і дзеянні павінны грунтавацца на навуковых звестках і фактах, а таксама на цесным узаемным супрацоўніцтве”.

Раней Расея з-за распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 забараніла ўезд на сваю тэрыторыю замежнікам, у тым ліку грамадзянам Беларусі. Пры гэтым першапачаткова пакінула толькі магчымасць транзіту праз маскоўскія аэрапорты Шарамеццева і Дамадзедава з умовай, што грамадзяне не будуць пакідаць транзітную зону і вылецяць у Беларусь на працягу 24 гадзін. Пазней расейскі бок змякчыў умовы транзіту, дазволіўшы грамадзянам краін СНД, у тым ліку Беларусі, рухацца транзітам праз іншыя паветраныя пункты пропуску.

За гэты час беларускім бокам былі арганізаваныя чатыры чартарныя рэйсы авіякампаніі „Белавія” ў маскоўскі аэрапорт Унукава для дастаўкі беларускіх грамадзян дадому. Першы борт 20 сакавіка вывез з Унукава прыблізна 100 беларусаў. Другім чартарам у ноч на 23 сакавіка перавезеныя 82 чалавекі, 24 сакавіка — больш за 70 чалавек. Сёння ноччу ў Мінск чартарам „Белавія” з Унукава прыляцелі яшчэ 138 чалавек.

Прэм`ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін даручыў Расавіяцыі з 27 сакавіка 2020 года поўнасцю спыніць рэгулярныя і чартарныя авіязносіны, за выключэннем рэйсаў для вывазу расейцаў з-за мяжы. Пра гэта паведаміў сайт урада паводле вынікаў пасяджэння прэзідыума каардынацыйнай рады пры ўрадзе па барацьбе з распаўсюджаннем новай каранавірусной інфекцыі на тэрыторыі РФ.

belapan.by