Ігар Станкевіч: Мінюст і Нацыянальны архіў жанглююць тэрміналогіяй



Сёння, 27-га сакавіка ў Першамайскім судзе Менска адбудзецца другое пасяджэнне па пазову Ігара Станкевіча да Нацыянальнага архіва. Нашчадак рэпрэсаваных даводзіць, што Нацыянальны архіў беспадстаўна зачыніў доступ да базы дадзеных па рэпрэсаваных у сталінскія часы. Дамагчыся адкрытай раней інфармацыі хочуць і іншыя нашчадкі высланых і расстраляных, кажа Ігар Станкевіч.

– Я ў 2014-м годзе атрымаў звесткі пра свайго прадзеда, у 2019 мне сказалі, звестак пра яго там няма. І вось зараз некалькі чалавек з Гомельскай вобласці звярнуліся і атрымалі адказ, што звестак няма ў Нацыянальным архіве, але ў КДБ – ёсць. Гэта сее сумнеў – а ці сапраўды Нацыянальны архіў дае звесткі з гэтай базы дадзеных? Гэта вынікае з тых лістоў, якія нам дасылаюць, як яны жанглююць гэтай тэрміналогіяй. Нацыянальны архіў піша адну рэч пра гэтую базу, а Міністэрства юстыцыі піша іншую рэч пра гэтую ж самую базу.

Як кажа юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла, які таксама займаецца тэмай рэпрэсій, у бліжэйшы час можна чакаць і пазоваў іншых грамадзян да Нацыянальнага архіва, у выпадку, калі пазоў Станкевіча не будзе ўхвалены і дадзеныя не адкрыюць.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота wikipedia.org