У Беларусі пацверджаныя ўжо 94 выпадкі COVID-19 (абноўлена)



„Сітуацыя пад кантролем”, – заявілі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Беларусі на брыфінгу для журналістаў.

Паводле заяў чыноўнікаў, колькасць выпадкаў каронавіруса ў Беларусі на сёння складае 94, 32 пацыенты „выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі”, яшчэ 62 „знаходзяцца пад кантролем медыкаў і на лячэнні”. Адзначае галоўны санітарны лекар краіны Наталля Жукава:

– Перадухіліць рэзкі рост захворванняў, атрымліваецца і ўдаецца ўтрымліваць захворванні на спарадычным узроўні. Мы яе называем спарадычнай, бо яна насамрэч у некаторых рэгіёнах адзінкавая. Як будзе развівацца сітуацыя далей у многім залежыць ад усіх нас.

Чаму ў Беларусі істотна не расце колькасць заражаных каронавірусам застаецца толькі здагадвацца, але па словах журналіста Андрэй Пачобут, на прыкладзе іншых краін, відавочна, што агучаныя да гэтай пары лічбы, выклікаюць здзіўленне:

– Беларусь – гэта феномен. Паўсюдна геаметрычная прагрэсія, да моманту ўвядзення каранціну паўсюдна назіраецца ва ўсіх краінах геаметрычная прагрэсія. У Беларусі мы назіраем лінейнае павелічэнне колькасці хворых, што і з’яўляецца нейкім феноменам.

Днём раней Міністэрства здароўя не публікавала актуальную статыстыку. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 86 выпадкаў каронавіруса. Такім чынам за два дні выявілі 8 новых выпадкаў заражэння.

Беларускае Радыё Рацыя