Пачынаецца інтэрнэт-галасаванне па абранні адзінага кандыдата (абноўлена)



Дэмакратычная кааліцыя працягвае праймерыз па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. З 27 сакавіка пачалося інтэрнэт-галасаванне.

Як нагадаў сябра штаба па абранні адзінага, намеснік кіраўніка Руху «За свабоду» Віктар Янчурэвіч, гэта пакуль адзіны сродак галасавання. Паездкі па рэгіёнах прыпыненыя ў сувязі з пагрозай развіцця эпідэміі каронавіруса:

– Але мы прынялі рашэнне, што будзем ладзіць онлайн падарожжы ў рэгіёны, то бок будзем ладзіць стрымы, трансляцыі для кожнага горада з тых, якія былі ў спісе, для таго, каб наладзіць камунікацыю з жыхарамі, пагаварыць пра мясцовыя праблемы, прыцягнуць людзей да галасавання ў інтэрнэце, зрабіць інтэрнэт-галасаванне больш масавым. Што тычыцца перспектыўных падзеяў, мерапрыемстваў і развіцця кампаніі праймерыз, то рашэнні тут будуць прымацца па сітуацыі.

Штаб вызначыў дату 1 траўня для прыняцця рашэння па далейшаму ходу праймерыз. Калі сітуацыя з каронавірусам не пойдзе на спад, то відавочна, што не варта будзе праводзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў, збіраць людзей і падстаўляць іх пад рызыку заражэння. І тады, хутчэй за ўсё, будзе прымацца рашэнне пра змену фармату і пра іншы спосаб вырашэння пытання выбару адзінага кандыдата, – кажа Віктар Янчурэвіч.

***

Пачынаецца інтэрнэт-галасаванне па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары ад дэмакратычнай кааліцыі.

Па словах Ігара Барысава, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), які з’яўляецца кіраўніком штаба па абранні адзінага, з 27 сакавіка пачынае працу сайт па абранні адзінага прэтэндэнта ад дэмакратычных сілаў:

– Кожны грамадзянін краіны, які мае беларускі нумар, можа прагаласаваць за таго ці іншага ўдзельніка працэдуры праймерыз. Будзе два віды галасавання: першае – за кандыдата, якое будзе ўлічвацца і вынікі будуць прыходзіць на электронную пошту праз тры дні, другое – можна будзе прагаласаваць два – за, адзін – супраць, і яно будзе паказваць аптымальнага кандыдата па выніках вось гэтага інтэрнэт-апытання. Яно ўлічвацца не будзе.

Таксама ёсць дзве абавязковыя опцыі, – кажа Ігар Барысаў. Першая – тыя, хто галасуюць, мусяць ведаць, што іх персанальныя звесткі будуць выкарыстаныя, каб запрасіць іх у ініцыятыўную групу адзінага кандыдата. І другая – тыя людзі, якія ўдзельнічаюць у галасаванні, лічаць удзел у выбарчай кампаніі дзеючага прэзідэнта Беларусі незаконным.

Ігар Барысаў удакладніў, што да гэтага моманту сайт праймерызу працаваў у тэставым рэжыме. З любой краіны свету можна было адправіць СМС і прагаласаваць. Зараз гэтая функцыя адключаная. Галасаваць могуць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя