Расея перакрывае сухапутную мяжу з Беларуссю
З 30 сакавіка ў межах барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса Расея перакрывае сухапутны ўчастак мяжы з Беларуссю.
28 сакавіка ўрад РФ апублікаваў распараджэнне, падпісанае напярэдадні прэм’ер-міністрам Міхаілам Мішусціным, „аб часовым абмежаванні руху праз аўтамабільныя, чыгуначныя, пешаходныя, рачныя і змешаныя пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу Расейскай Федэрацыі, а таксама праз сухапутны ўчастак расійска-беларускай дзяржаўнай мяжы”. Дакумент прыняты „з мэтай папярэджання пранікнення на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі новай каранавіруснай інфекцыі”.
Мінтрансу Расеі сумесна з Федэральнай службай бяспекі (туды ўваходзіць пагранслужба), Федэральнай мытнай службай і Расспажыўнаглядам даручана „з 00 гадзін 00 хвілін па маскоўскім часе 30 сакавіка 2020 года часова абмежаваць рух” праз згаданыя пункты пропуску і сухапутную мяжу з Беларуссю.
Акрамя дыпламатаў, кіроўцаў грузавых аўтамабіляў, лакаматыўных брыгад і некаторых іншых катэгорый за мяжу могуць выязджаць грамадзяне Расеі, калі яны едуць на пахаванне блізкіх сваякоў, а таксама транзітам (праз Беларусь і Літву), калі яны зарэгістраваныя ў Калінінградскай вобласці.
Тэрмін дзеяння прынятай меры ў дакуменце не пазначаны.
27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, наведваючы завод „Белгіпс”, выказаў надзею, што расіяне, для якіх наступны тыдзень аб’яўлены нерабочым з мэтай барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19, прыедуць адпачываць у Беларусь. „Цяпер выхадныя гэтыя, куды расіяне паедуць? Яны прывыклі да нас больш за ўсё ехаць. Вядома, прыедуць да нас. У гасцініцах будуць жыць, у аграсядзібах. І дзякуй богу, яны ж прыедуць з грашыма. І куды ім дзявацца? Мы не павінны ад іх закрывацца”, — заявіў Лукашэнка, выказванні якога прагучалі ў праграме „Панарама” на тэлеканале „Беларусь 1”. Такім чынам, грамадзяне Расеі могуць патрапіць у Беларусь толькі паветраным шляхам (27 сакавіка РФ спыніла авіязносіны, за выключэннем эвакуацыі сваіх грамадзян з трэціх краін, але некаторыя рэйсы паміж Мінскам і Масквой пакуль ажыццяўляюцца).
Расія закрыла мяжу для ўезду замежнікаў, уключаючы грамадзян Беларусі, з 18 сакавіка па 30 красавіка. У далейшым было зроблена выключэнне для блізкіх сваякоў грамадзян РФ.
Беларусь свае межы, у адрозненне ад усіх краін-суседзяў (Расея, Украіна, Літва, Латвія, Польшча), на ўезд не закрывала, аднак 25 сакавіка ўвяла патрабаванне 14-дзённай самаізаляцыі для тых, хто прыбыў на тэрыторыю краіны.