„Нёман” перамог футбалістаў „Віцебска”



Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі на сваім полі „Віцебск” з лікам 2:0 у заключным матчы другога тура чэмпіянату Беларусі. Гульня ў Гародні прайшла ва ўпартай барацьбе і ў першым тайме лік не быў адкрыты.

Пасля перапынку гаспадары сталі дзейнічаць больш востра, двойчы засмуціўшы брамніка Арцёма Сароку. На 51-й хвіліне вызначыўся Гегам Кадзімян, а яшчэ праз 6 хвілін Георгій Кантарыя замацаваў поспех „Нёмана”. У стартавым туры гарадзенцы саступілі ў гасцях „Іслачы” 0:1, а віцябляне на хатняй арэне перамаглі „Гарадзею” – 1:0.

Вынікі астатніх сустрэч 2-га тура: „Слуцк” саступіў берасцейскаму „Дынама” – 0:1, мазырская „Славія” нечакана нанесла другую паразу барысаўскаму БАТЭ – 2:1, жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” абыграла бабруйскую „Белшыну” — 1:0, берасцейскі „Рух” прайграў „Энергетыку-БДУ” — 0:1, „Гарадзея” саступіла салігорскаму „Шахцёру” — 0:2, „Менск” апынуўся мацней за сталічнае „Дынама” — 3:2, а „Іслач” з мінімальным лікам святкавала перамогу над „Смалявічамі” — 1:0. Турнірную табліцу ўзначальваюць „Менск”, „Энергетык-БДУ”, „Іслач” і „Тарпеда-БелАЗ”, якія набралі па 6 ачкоў з 6 магчымых. Па дзве паразы пацярпелі менскае „Дынама”, БАТЭ, „Белшына” і „Гарадзея”.

Футбалісткі „Менска” шосты раз выйгралі Суперкубак Беларусі

Жаночая каманда футбольнага клуба „Менск” стала ўладальніцай Суперкубка Беларусі. У стартавым матчы новага сезона за Суперкубак чэмпіёнкі і ўладальніцы Кубка краіны футбалісткі „Менска” разграмілі сваіх суперніц з яшчэ аднаго сталічнага клуба „Зорка-БДУ” з лікам 5:0. Цяпер у іх актыве стала 6 Суперкубкаў. Плануецца, што 29-ы жаночы чэмпіянат Беларусі пачнецца ў сярэдзіне красавіка. У мінулым годзе сваё сёмае запар золата нацыянальнага першынства заваявалі футбалісткі „Менска”, срэбранымі прызёркамі сталі спартоўкі „Зоркi-БДУ”, бронзавыя медалі ў актыве гарадзенскага „Нёмана”.

Валейбалісткі „Менчанкі” занялі 10-е месца ў расейскай суперлізе, якая скончылася датэрмінова

Усерасейская федэрацыя валейбола абвясціла пра датэрміновае завяршэнні суперлігі сярод мужчынскіх і жаночых каманд. Выніковае становішча каманд вызначана па выніках папярэдняга этапу. Такім чынам, „Менчанка” другі год запар заняла ў турніры 10-е месца. Каманда з Менска, якая пачынала сезон пад кіраўніцтвам Віктара Ганчарова, дамаглася на папярэднім этапе суперлігі паказчыка ў 5 перамог за 16 матчаў папярэдняга этапу і набрала 16 ачкоў.

Рэстаран Аркадыуша Міліка ў Польшчы будзе рыхтаваць ежу для шпіталёў

Рэстаран нападніка „Напалі” Аркадыуша Міліка Food & Ball у польскім Катавіцэ будзе дапамагаць лякарням. Установа будзе гатаваць і дастаўляць ежу ў шпіталі горада. Першыя пакеты з ежай ужо дастаўлены ў медыцынскія ўстановы. Гулец зборнай Польшчы на дадзены момант застаецца ў Неапалі на каранціне, адзначае Football Italia.

Беларускае Радыё Рацыя