Хроніка гібрыднага каранціну ў Менску



За хадой выходных у Менску сачыў хіба не ўвесь свет, і прычына таму быў не вірус, а футбол.

Сённяшнюю актуальную сітуацыю ў сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– Менскае суботняе дэрбі па футболе, як і іншыя матчы прэм’ер-лігі Беларусі, прыцягнулі глабальную ўвагу. Брытанская вяшчальная карпарацыя BBC прысвяціла гэтай падзеі асобны матэрыял нараўне са зваротам дзяржаўнага сакратара па правах супольнасцяў Роберта Джэнрыка пра наспяванне надзвычайнай сітуацыі ў Вялікабрытаніі ў сувязі з каронавірусам. Тым часам у менскіх школьнікаў пачаліся доўгачаканыя вясновыя канікулы, а значыцца адна з мераў пажаданага гібрыднага каранціну на тыдзень выканана. Адзін з дзяржаўных тэлеканалаў праз сацыяльную рэкламу заклікае бацькоў абмежаваць зносіны дзяцей з пажылымі людзьмі падчас канікул. Паказальна, што і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі забараніла сваім супрацоўнікам камандзіроўкі па краіне ў эпідэміялагічных мэтах. У Менску супрацоўнікі міліцыі працуюць у штатным рэжыме. Заўважна, што колькасць пешых патрулёў выходнага дня паменшылася. Выезды службы хуткай дапамогі па горадзе насілі эпізадычны характар. Працягваецца падтрымка менскіх медыкаў, IT-кампаніі ахвяруюць сродкі на барацьбу з COVID-19 на карысць Менскай гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы. Сталічныя службы таксі зніжаюць тарыфы на перавозку пасажыраў. Хаця да афіцыйнага адкрыцця мотасезону ў Менску засталося крыху менш за месяц, на выходных сталічныя байкеры зладзілі неафіцыйны выезд на жалезных конях пасля зімы.

Беларускае Радыё Рацыя