Вяскоўцы і махляры
Магчыма, пандэмія каронавірусу і разбурыць сусветную эканоміку, але мутны «бізнес» некаторых таварышаў выплыве пры любых абставінах!
Дробныя махляры актывізаваліся ў розных частках свету… І калі дзесьці там, у Еўропах, яны прапаноўваюць найлепшыя прылады для дэзынфекцыі жытла ад новага віруса, то па вёсках Смаргоншчыны пачала ездзіць брыгада абаронцаў экалогіі. Агітуюць пенсіянераў піць чыстую ваду. Яно і вядома: вада ў нашых вёсках не самая лепшая! У студнях увогуле прападае, а калі ёсць, то з нітратамі. У водаправодзе жалеза зашмат. Свідравіну прабіць дорага і не заўжды магчыма з-за глыбокага залягання водных пластаў…
Няпростая сітуацыя. І тут пачынае па хатах жанчына хадзіць і ўдаваць з сябе гарадскую правяраючую. Маўляў, ці добрая вада ў вас, шаноўныя? Ці маеце якія скаргі, прапановы? Вядома, маюць! І пагаварыць самотным людзям хочацца – чаму ж пра ваду не пагаварыць? Пагаворым… А пасля пані правяраючай ідуць у хату два фацэты і прапаноўваюць фільтры для вады за 400 рублёў. І набылі некаторыя пенсіянеры ў Залессі, Міхневічах ды Зарудзічах такія фільтры. Лепш бы полівітаміны сабе набылі, шаноўныя! Тым болей, у нашых мясцінах аптэка запрацавала – цывілізацыя!
Схема па фільтрах вядомая і добра адпрацаваная – ісці да людзей не вельмі маладых, пажадана – самотных. Браць агрэсіўным піярам і моцным напорам. Хто сумняваецца і просіць часу падумаць да заўтра, каб з дзецьмі параіцца, – таму зніжку вялікую абяцаюць! 250 рублёў замест 400 – і будзе вам шчасце ў хату! Шмат вясковых гаспадыняў, адна перад адной выхваляючыся, модныя фільтры набудуць – вядомая фанабэрыя… Але ўсім іх увапхнуць не атрымаецца: да кагосьці маладзейшыя родзічы ў хату зойдуць, у кагосьці на момант сустрэчы з гандлярамі-махлярамі грошай не будзе на руках, а хтосьці здагадаецца патэлефанаваць у сельскі савет і там дадуць параду – адразу ж тэлефанаваць у міліцыю!
Не шкадуйце грошы на сябе – пашкадуйце іх аддаваць такім вось дармаедам. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Патэлефануйце бабулі або дзядулю, калі маеце шчасце іх мець. І хай усё будзе добра… у добрых людзей!