Пастаўкі зброі ва Украіну – каментар палітолага
Амерыка і Еўразвяз павінны стаць плячо да пляча і не дазволіць Расеі перакройваць мапу Еўропы, заявіў у Бруселі віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Ён абвінаваціў расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў тым, што той заклікае да міру, але пры гэтым пастаўляе зброю і накіроўвае войскі ва Украіну.
У той жа час Джо Байдэн нічога не казаў пра магчымасці пастаўкі ва Украіну зброі, гэтая тэма ўжо некалькі дзён абмяркоўваецца ў Вашынгтоне. Супраць паставак ужо выступілі еўрапейскія лідары, але ў рэальнасці пастаўкі зброі ідуць, толькі гэта не тая зброя, якой можна забіць, кажа ўкраінскі палітолаг Аляксандр Салантай:
– Прадастаўленне летальнай зброі, нейкага высокатэхналагічнага ўзбраення, на дадзены момант на думку еўрапейцаў з’яўляецца неактуальным таму, што ўкраінцы яшчэ не навялі парадак у сваіх узброеных сілах і не выкарысталі магчымасці, якія ёсць у самой Украіне. Таму ў першую чаргу зараз галоўная дапамога, якая можа быць прадастаўлена – гэта там, дзе Украіна насамрэч патрабуе дапамогі і сама не можа справіцца – гэта спецсувязь, а таксама прадастаўленне вайскова-тэхнічнай дапамогі, планаванне разнастайных аперацый.
Джо Байдэн прыбыў у Бельгію, каб абмеркаваць сітуацыю ва Украіне з еўрапейскімі калегамі. Увечары ў Маскве лідары Нямеччыны і Францыі размаўлялі з прэзідэнтам Расеі больш за пяць гадзін. Аднак пакінулі Маскву без заяваў для прэсы.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя