Дзяніс Урбановіч: На міліцыю мала спадзяванняў



Кіраўнік “Маладога фронта” Дзяніс Урбановіч распавёў, чаму працягваюцца акты вандалізма ў Курапатах.

У Курапатах у чарговы раз адбыўся акт вандалізма – зараз апаганілі крыж Вацлава Ластоўскага.

Дзяніс Урбановіч: На крыжы вандалы напісалі маркерам, але ў міліцыю мы вырашылі не звяртацца. Па-першае, надпіс сцерлі. Па-другое, ніколі яшчэ міліцыя не знаходзіла і не карала вандалаў, якія раз-пораз адзначаюцца сваімі дзеяннямі ў Курапатах.

Два гады таму разбілі “лаву Клінтана”, і які вынік працы праваахоўнікаў? Нулявы! Мяне выклікалі не так даўно ў міліцыю, даведаўся, што ізноў будуць расследаваць справу, але на больш высокім узроўні. Таму па-новаму праводзяць праверку, апытваюць сведкаў.

РР: У такім выпадку, можа быць, зараз знойдуць вандалаў?

Дзяніс Урбановіч: Мне ў гэта не верыцца. У міліцыі, калі мяне апытвалі, больш цікавіліся тымі, хто стаіць на курапацкай варце. Я не заўважыў сапраўднага жадання разабрацца і знайсці вінаватых, таму на міліцыю мала спадзяванняў. Для іх гэтая справа, як костка ў горле, таму займаюцца ёй фармальна.

РР: Ці будзе працягвацца курапацкая варта?

Дзяніс Урбановіч: Пакуль не прынята рашэнне закончыць пікетаванне рэстарана, які пабудаваны ля мемарыяла. Але жадаючых яго наведваць вельмі мала.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя