Уладзімір Мацкевіч: Апазіцыя ідзе насуперак жаданню народа, які хоча байкоту



Ідэя ўнутраных выбараў апазіцыі ўшчэнт правалілася. Але адсутнасць у прэсе штодзённых публікацый на тэму байкоту зусім не кажа аб непапулярнасці гэтай ідэі.

Уключаюцца іншыя чыннікі, упэўнены палітолаг, прыхільнік байкоту прэзідэнцкіх выбараў Уладзімір Мацкевіч.

– Логіка, разважанні, тэарэтычныя нейкія канструкцыі, прапановы. Гэта немагчыма прасоўваць праз сродкі масавай інфармацыі пастаянна. Гэта можна напісаць адзін раз. І тыя, хто сёння з’яўляюцца найбольш паслядоўнымі прыхільнікамі байкоту – я, Павел Усаў, Андрэй Ягораў, Міхась Янчук, некаторыя іншыя, – мы не можам пісаць кожны день пра гэта.

Колькасць прыхільнікаў байкоту працягвае расці, цяпер гэта больш за 50% беларускага грамадства, – перакананы Уладзімір Мацкевіч.

– Ён дасягнуў у грамадстве колькасці такой, на якую ўжо можна абапірацца. Людзі самі натуральным чынам не хочуць удзельнічаць у гэтых махлярскіх выбарах, і не трэба іх заклікаць да гэтага ўдзелу, што робіць сёння апазіцыя, імкнучыся ісці насуперак самым масавым настроям у грамадстве. Абсентэізм – ён пасіўны, а байкот патрабуе актыўных дзеянняў.

Цяпер неабходна паказваць людзям важнасць байкоту і ўмацоўваць у грамадскай свядомасці такую патрэбу. Унутраныя ж выбары адзінага кандыдата, пачатыя правацэнтрыстамі, праваліліся яшчэ да пачатку паездак у рэгіёны, – дадаў Уладзімір Мацкевіч.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск