Віцебскі гарвыканкам прапануе захады супраць каронавіруса. 21 пункт



У рашэнні Віцебскага  гарвыканкама №349 ад 27 сакавіка пералічваюцца захады, якія павінны перашкодзіць распаўсюду хваробы. 

Гэта, прыкладам, абмежаванне камандзіровак на прадпрыемствах, парады не прыходзіць на працу ў хваравітым стане, пераход вышэйшых навучальных установаў на дыстанцыйнае навучанне.  Але ў той самы час іншагароднім студэнтам забаронена ехаць дахаты на выходныя.  Бацькам дазволена не вадзіць дзяцей у садкі, і плаціць за прапушчаныя дні не патрэбна. Аднак для школьнікаў каранціну няма – іх проста рэкамендавана трымаць у адным памяшканні цягам навучальнага дня і не “змешваць” вучняў розных класаў.

Забаронены масавыя мерапрыемствы ў музеях, бібліятэках і гэтак далей. Што да ўстановаў грамадскага харчавання, то ім скарацілі час працы да 23-яй гадзіны, і раяць абсталяваць памяшканне так, каб паміж столікамі была адлегласць, не меншая за паўтара метры. У гатэлях рэкамендавана рассяляць гасцей як мага далей адно ад аднаго – аж да таго, што на розных паверхах.

Некаторыя з гэтых захадаў, зацверджаных гарвыканкамам, паўтараюць прапановы віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, які звяртаўся з імі да ўладаў яшчэ 12 сакавіка. Але на мінулым тыдні атрымаў адказ,  што такія сур’ёзныя захады не патрэбныя.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск