Памёр віцебскі акцёр, у якога дыягнаставалі каронавірус



На 76-м годзе жыцця ў віцебскай лякарні памёр Віктар Дашкевіч, Заслужаны артыст Беларусі, акцёр Віцебскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

У лякарню яго забралі 21 сакавіка з высокай тэмпературай, быў пастаўлены дыягназ «пнеўманія» і «хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх», першы тэст на наяўнасць каронавірусу быў адмоўны, другі паказаў станоўчы вынік.

У лякарні Віктару Дашкевічу стала горш, яго перавялі ў рэанімацыю, падлучылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Аднак сённяшняй ноччу ён памёр.

Пяць дзён у лякарні мусіла правесці жонка акцёра Святлана Дашкевіч. Ёй таксама быў пастаўлены дыягназ «пнеўманія», і першы тэст на каронавірус таксама быў адмоўны. Святлану Дашкевіч выпісалі з лякарні і загадалі знаходзіцца два тыдні на хатнім каранціне. Не выключана, з што гэтай прычыны яна не зможа ўзяць удзел у пахаванні мужа.

У Віктара і Святланы Дашкевічаў дзве дарослыя дачкі, малодшая Ганна жыве ў Санкт-Пецярбургу, яе прысутнасць на пахаванні на дадзены момант таксама застаецца пад пытаннем. Старэйшая дачка Вікторыя жыве ў Віцебску, цяпер яна займаецца арганізацыяй жалобнай імпрэзы.

Пакуль не вядома, які афіцыйны дыягназ будзе пазначаны ў пасведчанні аб смерці і якія меры перасцярогі ад заражэння будуць прынятыя.

Паводле традыцыі, у выпадку смерці акцёраў труну на некалькі гадзінаў выстаўляюць у тэатры для развітання і праводзяць воплескамі. Як будзе арганізавана развітанне з Віктарам Дашкевічам, яшчэ не ясна.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Фота: С. Серабро і з ФБ Вікторыі Дашкевіч