Сыс І Наіна Ельцына
У лютым 1995 года ў Менск прыехаў Барыс Ельцын з жонкай Наінай. Ельцын сустракаўся з Лукашэнкам, Лукашэнка абяцаў яму „языковой референдум”, а нам у музей Максіма Багдановіча патэлефанавалі і сказалі, што Наіна Ельцына прыйдзе да нас на экскурсію.
Назвалі дзень і час.
Сітуацыя была дзіўная – з аднаго боку высокая госця, а з іншага – быццам бы ў працэсах „аб’яднання” трэба прымаць удзел.
Вайна ў Чачні ідзе.
Нехта нават пажартаваў у музеі – вывесім з балкона чачэнскі сцяг. Але не вывесілі.
Для правядзення экскурсіі было два чалавекі (як для палёта ў Космас – дублёрка). Але так атрымалася, што як раз дублёрка прыйшла ў музей пасля сваркі з мужам і выгляд у яе быў не вельмі. Засталасся адна супрацоўніца, якая вельмі нервавалася.
У той час у бальніцы №2 ляжаў паэт Анатоль Сыс, ён хадзіў у вольны ад працэдур час у музей – то кнігі браў пачытаць з бібліятэкі, то проста на абед. І тут Сыс прыйшоў.
А сітуацыя такая – ніхто не хоча весці экскурсію для Наіны Ельцынай. І Сыс ў напаўбальнічным адзенні павёў прыгожа апранутую загадчыцу экскурсійна-масавага аддзела ў пачатак экспазіцыі і пачаў ўгаворваць, што няма нічога страшнага: „Вось глядзі!”
Сыс сам стаў на месца, адкуль пачыналася экскурсія і добра пастаўленым голасам вучыў: „Становішся сюды і кажаш: „Много у нас в музее бывает гостей, но такие бывают не часто”.
Сыс паказваў, як трэба весці экскурсію для Наіны Ельцынай. Было такое ўражанне, што яшчэ крыху і экскурсію для Наіны павядзе Сыс у бальнічным адзенні.
А Наіна Ельцына не прыйшла. Ператэлефанавалі на касу і сказалі, што змены ў яе ў праграме.