Як каронавірус пасварыў беларусаў



У сацыяльнай сетцы Фэйсбук ужо некалькі дзён не суціхаюць спрэчкі на тэму “Ад чаго хутчэй памруць людзі: ад каронавірусу, ці ад голаду”. Даходзіць нават да таго, што апаненты пачынаюць выдаляць адно аднаго з фрэндстужак. Некаторыя нават пераходзяць на абразы. Прыхільнікі першай канцэпцыі лічаць, што ў Беларусі патрэбны каранцін, як і ў іншых краінах. Адэпты другой перакананыя, што ад іншых хвароб памірае болей людзей, а вось увядзенне каранцінных абмежаванняў прывядзе да голаду. Тое, што ў еўрапейскіх краінах людзі пакуль ад голаду не памерлі, іх не пераконвае. Спрэчкі наконт каронавірусу адсунулі на другі план выбары прэзідэнта, якія мусяць неўзабаве адбыцца, і правядзенне праймерыз без Паўла Севярынца. Не ведаю, наколькі небяспечны каронавірус для чалавека, але тое, што ён забіў іншыя інфармацыйныя нагоды, — гэта факт.

Для беларускіх уладаў пандэмія пакуль што – шчасце. Усе эканамічныя няўдачы можна спісаць на пандэмію. Нашыя суседзі межы закрылі, то бок, можна быць перакананым, што НАТА не прыедзе ў Сінявокую. А яшчэ беларусы пасварыліся. Як той казаў, падзяляй і ўладар. А тут сваркі, можна сказаць, з неба сваліліся. Накал жарсцяў перавысіў выбарчую тэматыку. Галоўнае, каб пандэмія да выбараў скончылася. А тое, хто ж тады пойдзе ў школьны буфет?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ