Віцебская вобласць – самая напружаная па сітуацыі з каронавірусам
Віцебская вобласць становіцца самым напружаным рэгіёнам Беларусі па сітуацыі з каронавірусам. Менавіта тут была першая пацверджаная смерць ад каронавірусу. Аднак шэраг тэлеграм-каналаў са спасылкай на медыкаў піша пра тое, што людзей з такім дыягназам значна больш. У Воршы ёсць хворыя на каронавірус, аднак нават медыкі не могуць дакладна сказаць, колькі іх.
Пра сітуацыю ў горадзе – Кастусь Багушэвіч:
– Адразу скажу, што панікі ў сувязі з каронавірусам у Воршы няма. Панікі такой, каб людзі ўрываліся ў крамы і забіралі ўсе кашы і цукар. Аднак размовы ў грамадскім транспарце і на вуліцах неспакойныя. Называюцца розныя лічбы, няма сумневаў, што ўсё працуе згодна з вядомым прынцыпам «сапсаванага тэлефона». Непацверджаныя гісторыя абрастаюць шакуючымі падрабязнасцямі і сумнеўнымі адсылкамі. З таго, што чуваць не ад абывацеляў, а ад медыкаў, вядома, што частку аршанцаў адпраўлялі ажно ў Астроўна пад Бешанковічамі, гаворка пра падазраваных на каронавірус. Цяпер крыніцы кажуць, што аршанцаў, у якіх бралі аналізы на каронавірус, адпраўляюць у Віцебск. З аднаго боку можна парадавацца, што ў школах пачаліся веснавыя вакацыі, аднак з іншага – настаўнікаў усё адно прымушаюць прыходзіць у школу, так бы мовіць, адседжваць гадзіны. Шматлікія бацькі ўжо не адпускалі вучняў у школу і да вакацый, у класах была максімум траціна вучняў, з чарговымі навінамі толькі адзінкі вырашаць адпусціць іх у школу зноў.
На жаль, пакуль нельга назваць канкрэтных лічбаў, але напярэдадні былі абмежаваныя перамяшчэнні міліцыі, цяпер супрацоўнікам нельга пакідаць Віцебскую вобласць, адмененыя ўсе камандзіроўкі. Вялікія змены напаткалі і чыгунку. Супрацоўнікі чыгункі ў Воршы цяпер працуюць 4 дні на тыдзень, адпаведна, страцяць каля 200 рублёў з заробкаў. Улады не абвяшчаюць каранцін, але людзі ўжо і без яго адчуваюць пагрозу здароўю, а па гаманцы ўдар ужо адбыўся.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша.