У Гомельскай вобласці афіцыйна зарэгістраваныя пяць выпадкаў каронавірусу
На тэрыторыі Гомельскай вобласці зарэгістраваныя пяць выпадкаў захворвання на каронавірусную інфекцыю COVID-19, з іх адзін хворы выпісаны з выздараўленнем, чатыры чалавекі працягваюць лячэнне ў стацыянарных умовах.
Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава, падчас правядзення абследавання кантактных асоб выяўленыя тры выпадкі з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каронавірусу SARS/2019-nCoV (COVID-19), якія шпіталізаваныя ў інфекцыйны стацыянар.
Па ўсіх выпадках вызначаныя кантактныя асобы першага ўзроўню, арганізаванае іх лабараторнае абследаванне і шпіталізацыя ў стацыянары. Праводзіцца медыцынскае назіранне за кантактнымі другога ўзроўню з мэтай актыўнага выяўлення ў іх сімптомаў ВРВІ для своечасовага прыняцця супрацьэпідэмічных мер.
Захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі на тэрыторыі Гомельскай вобласці ў цяперашні час адпавядае сезоннаму ўзроўню і не перавышае прагнозных значэнняў, сцвярджаюць медыкі.
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, на 30 сакавіка ў Беларусі выяўленыя 152 выпадкі заражэння каронавірусам COVID-19.
Раніцай 31 сакавіка стала вядома, што ў Віцебску памёр акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, у якога раней быў дыягнаставаны COVID-19. 75-гадовы Віктар Дашкевіч працаваў у тэатры з 1973 года, ён заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Ні ў сям’і, ні ў тэатры ніякіх каментароў з нагоды яго смерці не даюць, а па ўсіх пытаннях, звязаных з пахаваннем, накіроўваюць у Міністэрства аховы здароўя. Міністэрства па-ранейшаму нічога не каментуе.