У Туркменістане забаранілі слова „каронавірус”
Улады Туркменістану паўсюдна забаранілі ўжыванне слова „каронавірус”, паведамляе міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”.
Па дадзеных мясцовых журналістаў, аб каронавіруснай інфекцыі не згадваецца ў дзяржаўных СМІ альбо медыцынскіх брашурах, што распаўсюджваюцца ў школах, бальніцах і на вытворчасцях.
Людзі, якія носяць на вуліцах ахоўныя маскі або якія гавораць аб пандэміі, рызыкуюць быць арыштаванымі, сцвярджае прадстаўнік „Радыё Азатлык” (туркменскае падраздзяленне „Радыё Свабода”).
„Такім радыкальным выключэннем з туркменскага слоўніка слова «каронавірус», каб схаваць усю інфармацыю аб пандэміі, урад Туркменіі падвяргае небяспецы сваіх грамадзян», — заяўляюць „Рэпарцёры без межаў”.
Па афіцыйных дадзеных, у Туркменістане не зарэгістравана ніводнага выпадку заражэння COVID-19. У сярэдзіне сакавіка кіраўнік Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедаў рэкамендаваў грамадзянам абараняцца ад вірусаў старадаўнім народным сродкам — дымам гармалы.
Паводле meduza.io