80 гадоў таму не стала Язэпа Лёсіка



Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец, педагог, пісьменнік Язэп Лёсік нарадзіўся 18 лістапада 1883 года ў вёсцы Мікалаеўшчына (цяпер Стаўпецкі раён). Паходзіў ён з сялянскай сям’і і быў родным дзядзькам Якуба Коласа. Вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, скончыў Ноўгарад-Северскую гарадскую вучэльню (1902 год). Далей працаваў выкладчыкам Бабруйскай сельскагаспадарчай школы, настаўнічаў у мястэчку Грамяч на Чарнігаўшчыне.

За ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях 1905 года арыштаваны, зняволены. У 1907 годзе прывезены на суд г. Старадуб, але праз некалькі дзён уцёк з мясцовай турмы. Хаваўся ад уладаў у родных і знаёмых у Стоўбцах, Пецярбургу, на станцыі Красноўка недалёка ад Луганска. У 1911 годзе прыехаў у Ноўгарад-Северскі да брата Антона. Тут зноў арыштаваны і прыгавораны да бестэрміновага пасялення ў Сібіры. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губерні, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з Алесем Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газетай “Наша ніва”.

У Беларусь са ссылкі вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 годзе. Стаў адным з лідараў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газету “Вольная Беларусь”. На З’ездзе беларускіх арганізацый і партый абраны ў Выканаўчы камітэт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Старшыня Выканаўчага камітэта Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый на II з’езде ў ліпені 1917 года. Удзельнік Усебеларускага кангрэсу 1917 года.

У час акупацыі Беларусі нямецкімі і польскімі войскамі жыў і працаваў у Менску. Адзін з ініцыятараў акту незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Старшыня прэзідыума Рады БНР з 14 траўня 1918 года. Пасля прыходу бальшавікоў у Менск у пачатку снежня 1918 года абвешчаны па-за законам разам з іншымі раднымі. У 1919-20 гадах пісаў у газетах “Звон” і “Беларусь”. Пасля расколу Рады БНР на Найвышэйшую раду БНР і Народную раду БНР Язэп Лёсік стаў старшынём першай.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны застаўся ў БССР. У ліпені 1920 года пакінуў палітыку. Займаўся навуковай, культурна-асветнай, літаратурнай працай. 3 ліпеня 1921 года выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922-ім абраны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры, працаваў у Тэрміналагічнай камісіі. Быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 г. У 1928 годзе зацверджаны правадзейным членам Беларускай АН. Быў дырэктарам Інстытуту навуковай мовы.

У 1922 годзе, пасля выхаду “Практычнай граматыкі беларускае мовы”, “Звезда” назвала падручнік “контррэвалюцыйным”. У лістападзе 1922 года Лёсіка арыштавалі, але ў абарону яго выступіў тагачасны нарком асветы БССР Усевалад Ігнатоўскі. Лёсік быў вызвалены. Другі раз яго арыштавалі 20.7.1930 па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Высланы на 5 гадоў у г. Камышын Саратаўскай вобласці. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У лістападзе 1934 года атрымаў амністыю без дазволу на вяртанне ў Мінск. У 1935 годзе пераехаў з сям’ёй на Браншчыну, выкладаў рускую мову ў школе. Восенню 1937 года перасяліўся ў г. Актарск Саратаўскай вобл., працаваў у педтэхнікуме. У чэрвені 1938-га зноў арыштаваны, засуджаны на 5 гадоў савецкіх канцлагераў.

Паводле афіцыйнай версіі Язэп Лёсік памёр ад сухотаў 1 красавіка 1940 года ў саратаўскай турме. Быў поўнасцю рэабілітаваны ў 1988 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя