У Пінску актывісты запасаюцца кормам для жывёл
Засцярога на выпадак каранціну. У Пінску актывісты зоаабарончага руху па магчымасці запасаюцца кормам і лекамі для жывёл, якія знаходзяцца пад іх наглядам. Такія захады тлумачаць тым, што з-за пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі могуць узнікнуць праблемы з наяўнасцю пэўных тавараў.
Па словах старшыні пінскага аб’яднання «Абарона жывёл» Алены Рамановіч, на сёння арганізацыя працуе ў звычайным рэжыме:
– Сабакі і каты не з’яўляюцца пераносчыкамі каронавірусу. Гэта самае першае, і самае галоўнае. Наша арганізацыя працуе як і раней, у нас няма прамых кантактаў з людзьмі, мы дапамагаем у аплаце стэрылізацыі. І калі людзі звяртаюцца, і клінікі пакуль яшчэ працуюць, мы дапамагаем па-ранейшаму, запісваем на стэрылізацыю і аплачваем. За нашымі падапечнымі мы глядзім, яны патрабуюць нашага клопату. Іх у нас няшмат, але тым не менш.
Алена Рамановіч дадае, што на красавік аб’яднаннем не планавалася ніякіх масавых мерапрыемстваў, а вось у траўні чакаецца правядзенне «Тыдня абароны жывёл». Калі сітуацыя не палепшыцца, то акцыя будзе перанесеная на іншы месяц.
Беларускае Радыё Рацыя