Каранцін сітуацыю не выратуе?



Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор выказаў сваю пазіцыю з нагоды таго, чаму ён выступае супраць увядзення каранціна ў краіне з-за эпідэміі каронавіруса.

Ілля Дабратвор: Давайце ўявім сітуацыю, што ўлады ўсё-такі ўвялі ў Беларусі каранцін. І што далей? На практыцы гэта павінна прадугледжваць, у тым ліку, і эканамічную падтрымку грамадзян, якія застаюцца дома. Але, па некаторых ацэнках, большасць беларусаў не маюць фінансавых запасаў, каб працяглы час існаваць без штомесячнага заробку.

Натуральна, ніякую вялікую фінансавую падтрымку людзям на перыяд каранціна дзяржава, відаць, таксама не зможа аказаць, хаця менавіта так і робіцца ў многіх цывілізаваных краінах.

Атрымліваецца сітуацыя, што пры ўвядзенні жорсткага каранціна людзі застануцца ў вельмі складаных фінансавых умовах. Таму, як мне падаецца, жорсткая ізаляцыі – гэта проста глупства. Што, неабходна ўводзіць ваенныя патрулі, якія будуць ганяць людзей па вуліцах? І гэта, дарэчы, прапануюць тыя, хто лічыць сябе дэмакратамі.

РР: Але ж у многіх краінах якраз і ўведзены жорсткі каранцін і ніхто, здаецца, з голаду не памёр…

Ілля Дабратвор: Іншыя краіны добра плацяць сваім грамадзянам, якія сядзяць у каранціне, хаця я бачу, напрыклад, што тыя ж літоўцы крытыкуюць свае ўлады за каранцінныя меры. У любым выпадку частка людзей будзе незадаволена.

У некаторых краінах людзей штрафуюць за тое, што тыя без асаблівых падстаў выходзяць на вуліцу, але ў Беларусі і так дастаткова штрафаў і без каранціна. Калі ў нас увядуць штрафы, то будзе і план на гэтыя штрафы. Адным словам, многія выступаюць за каранцін, але пры гэтым я бачу вельмі мала здаровых прапаноў і развагаў, як будзе жыць краіна рэальна ў такой сітуацыі.

РР: На ваш погляд, ці могуць усё-такі ўвесці каранцін?

Ілля Дабратвор: Каб даваць такі прагноз, трэба мець доступ да рэальнай сітуацыі з эпідэміяй, але, на жаль, мы ўсяго не ведаем. Ды, відаць, і позна ўжо ўводзіць каранцін, гэта трэба было рабіць раней.

Людзі пачынаюць выходзіць з двухтыднёвай самаізаляцыі і якраз патрапяць на пік эпідэміі. Беларускія ўлады выбралі такі шлях змагання з інфекцыяй, пабачым, куды ён прывядзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info