Ці могуць адмяніць прэзідэнцкія выбары?
Палітык Анатоль Лябедзька не выключае, што падчас прэзідэнцкай кампаніі можа быць «непрадказальны сцэнар».
Анатоль Лябедзька: Мне падаецца, што беларуская ўлада не выпадкова «ўключае дурня» ў гэтай вельмі складанай сітуацыі з каронавірусам, бо ўсё гэта выглядае і дзікавата, і смешна. У залежнасці ад таго, хто ты – песіміст альбо аптыміст.
Але, на мой погляд, ва ўлады ёсць свой план і сцэнар, і зараз беларускі кіраўнік спрабуе адцягнуць публічнае прызнанне праблемы на як мага пазнейшы тэрмін.
РР: Навошта?
Анатоль Лябедзька: Чым бліжэй прызнанне праблемы адбудзецца да прэзідэнцкіх выбараў, якія, мяркуецца, пройдуць у жніўні гэтага года, тым большая прастора для манеўра. Сённяшняя сітуацыя з эпідэміяй з’ядае астаткі даверу беларусаў да ўладаў і, да таго ж, эканамічнае становішча краіны зусім кепскае.
У гэтым выпадку прэзідэнцкая кампанія можа пайсці па непрадказальнаму сцэнару. Таму сёння задача ўладаў – максімальна адцягнуць прызнанне праблемы, а потым гэта можна зрабіць. Спаслацца на тое, што нават «пятая калона» і хатнія гаспадыні дамагаліся прыняцця надзвычайных мераў.
Могуць увесці каранцін і надзвычайнае становішча з усімі наступствамі. Гэта дае магчымасць уладам проста адкласці выбары на нявызначаны перыяд, а Лукашэнка ў адпаведнасці з надзвычайным палажэннем працягне кіраваць краінай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя