Як ідзе збор подпісаў у абарону незалежнасці Беларусі?



Мовазнаўца і грамадская дзеячка Алена Анісім кажа, што ўжо сабрана каля тысячы подпісаў.

Алена Анісім

У снежні мінулага году прайшоў Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, на якім было абвешчана, што распачынаецца збор подпісаў пад Маніфестам у абарону незалежнасці краіны. Што зроблена амаль за два месяцы?

Алена Анісім: Людзі дасылаюць подпісы з розных рэгіёнаў, ўручную збіраюцца. Але ў хуткім часе павінен запрацаваць сайт Усебеларускага кангрэса за незалежнасць і тады ўжо можна падпісвацца анлайн.

РР: Пра якую колькасць можна ўжо казаць?

Алена Анісім: Дакладна не магу сказаць, але да тысячы, відаць, толькі даходзіць.

РР: На які вынік вы разлічваеце, збіраючы гэтыя подпісы?

Алена Анісім: Мы хочам, каб тыя людзі, якія ведаюць кошт незалежнасці Беларусі, усё-такі выказаліся і паставілі свой подпіс і было бачна, што такіх на самай справе шмат. І што яны пераважаюць тых, каму абыякава – будзе існаваць краіна як самастойная ці не. Наш вынік такі – згуртаваць усіх, каму суверэнітэт – не пустое слова.

РР: Ці чакаеце вы нейкай рэакцыі на такую акцыю з боку ўладаў?

Алена Анісім: Я спадзяюся на тое, што ва ўладзе таксама пераважаюць людзі са здаровым разуменнем сітуацыі і сваёй будучыні. Бо зразумела, што толькі ў сваёй краіне чыноўнік таксама можа разлічваць і на рост у кар’еры, і на ўсё астатняе. Калі краіна страчвае дзяржаўнасць, то і чыноўнік пераўтвараецца ў чалавека, скажам так, не першага гатунку.

РР: Пасля праведзенай кампаніі па “Народнаму рэферэндуму” таксама збіраліся подпісы, іх перадалі чыноўнікам, але асаблівага эфекту з боку ўлады, здаецца, няма.

Алена Анісім: “Народны рэферэндум” ставіў на разгляд нязручныя для чыноўнікаў пытанні, якія прымушаюць тых працаваць. А многія ўспрмаюць сваю пасаду, як цёплае месца, якое дазваляе атрымоўваць выгоды без асаблівых высілкаў. Мы ж на дадзены момант ставім пытанне, якое важна для ўсёй краіны. Яно вельмі востра паўстала ў 2014 годзе і з павесткі дня пакуль не здымаецца. Гэта незалежнасць і самастойнасць нашай краіны, як дзяржаўнага ўтварэння. Таму, думаю, у нас ёсць магчымасць далучыць як мага большую колькасць людзей, і тым самым крышку змяніць унутры краіны сітуацыю, каб народ зразумеў, што ён адказны за тое, якое будзе наша Беларусь. І ці будзе яна ўвогуле.

РР: Мне здаецца, што многіх беларусаў у першую чаргу хвалююць не такія глабальныя праблемы, як незалежнасць краіны, а вырашэнне ўласных пытанняў і выжыванне паасобку. Ці можа я памыляюся?

Алена Анісім: Безумоўна, такая тэндэнцыя ёсць. Але ж у тым і сэнс, што многім трэба нешта прапанаваць, параіць і падштурхнуць да разумення таго, што не заўважаючы больш важных рэчаў, немагчыма вырашыць свае асабістыя перакананні. Ёсць жа ў людзей некае прызначэнне, як у грамадзян, якія нарадзілія ў гэтай краіне. І наш грамадзянскі абавязак – зрабіць усё, каб Беларусь засталася менавіта, як самастойная краіна. Усіх тых, хто лічыць гэдак жа, я запрашаю падтрымаць Маніфест і падпісацца пад ім.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск