Ларыса Жыгар: Людзі не павінны паміраць за кратамі



Лідарка руху “Маці 328” Ларыса Жыгар распавяла пра сустрэчу прадстаўнікоў руху з кіраўніцтвам Дэпартамента выканання пакаранняў.

Ларыса Жыгар: Гэтая сустрэча адбылася 31 сакавіка. Перш за ўсё пайшлі туды з нагоды нядаўняй смерці зняволенага ў Аршанскай калоніі, калі 27-гадовага хлопца знайшлі павешаным у ШІЗА. Яго маці не верыць, што гэта быў суіцыд.

Нам сказалі, што зараз справай займаецца Следчы камітэт, гэтаму выпадку будзе дадзена прававая ацэнка. Але ж мы занепакоены, што смерці ёсць у калоніях. Я нават пісала ліст міністру ўнутраных спраў Караеву, у якім зазначала: у калоніях людзі павінны выпраўляцца, а не паміраць пры нявысветлых абставінах. Гэта ж не першы выпадак. Людзі не павінны паміраць за кратамі.

РР: Якія яшчэ пытанні закраналі?

Ларыса Жыгар: Цікавіліся, якія меры прымаюцца ў месцах пазбаўлення волі ў сувязі з каранавірусам. Прапаноўвалі, каб людзей часова не адпраўлялі на этапы, і каб менш ужывалі такую меру, як утрыманне пад вартай, калі можна абмежавацца дамашнім арыштам.

Адзначалі, што ў многіх зняволеных (асабліва маладых людзей) парушаецца псіхіка за кратамі, таму патрэбна і нармальнае стаўленне да асуджаных з боку работнікаў калоніі. А ставяцца нярэдка не зусім адэкватна. Калі нехта здзейсніў злачынства, то ён усё роўна застаецца чалавекам, і да яго павінна быць суадноснае стаўленне.

Нам паабяцалі, што па выніку сустрэчы і нашых прапаноў будуць прынятыя пэўныя меры, пра што нам і паведамяць пісьмова.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя