СААЗ: важна дакладна падаваць насельніцтву інфармацыю аб эпідсітуацыі ў краіне



 Сусветная арганізацыя аховы здароўя падкрэслівае важнасць своечасовай і дакладнай падачы насельніцтву інфармацыі аб эпідсітуацыі ў краіне, заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

Ён падкрэсліў, што гэта агульная рэкамендацыя для ўсіх краін, не толькі для Беларусі. „Адным з ключавых кампанентаў барацьбы з эпідэміяй COVID-19 з’яўляецца інфармаванасць і ўцягнутасць насельніцтва, тут няма нічога новага. Вельмі важна, каб гэта сапраўды ажыццяўлялася на належным узроўні”, — сказаў Бердыклычаў.

Таксама ён адзначыў зацікаўленасць арганізацыі ў больш цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі „ў плане паляпшэння якасці своечасовага інфармавання насельніцтва”. „Мы кажам пра важнасць гэтага, каб насельніцтва разумела рызыкі і ведала, якія меры прымаюцца. У такіх сітуацыях гэта зніжае ўзровень страхаў, няправільнай інтэрпрэтацыі, непаразумення. І больш за тое, шэраг мер барацьбы з эпідэміяй інфекцыі чакаецца менавіта ад насельніцтва. Гэта выкананне тых жа рэкамендацыі па самаізаляцыі. Калі насельніцтва не будзе выконваць іх у поўным аб’ёме і досыць строга, справіцца з эпідэміяй будзе немагчыма. А для таго, каб строга выконваць рэкамендацыі, інфармаванне — адзін з важных элементаў”, — канстатаваў прадстаўнік СААЗ.

На пытанне, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя расцэньвае тое, што ўжо некалькі дзён Міністэрства аховы здароўя не паведамляе агульную колькасць выяўленых у Беларусі выпадкаў COVID-19, Бердыклычаў яшчэ раз заявіў: „Гэта якраз момант, калі мы падкрэсліваем важнасць своечасовага інфармавання, каб знізіць занепакоенасць насельніцтва і палепшыць падыход да гэтага пытання”.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 1 красавіка, у Беларусі ад каранавіруснай інфекцыі памерлі два чалавекі. Таксама паведамляецца, што за апошнія суткі выпісана пяць пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Пад медыцынскім наглядам і на лячэнні знаходзяцца 157 чалавек.

Разам з тым агульную колькасць пацверджаных у краіне выпадкаў COVID-19 Міністэрства аховы здароўя не публікуе.

belapan.by