Справа журналіста Сяргея Сацука будзе перададзеная ў Следчы камітэт
Да 5 красавіка дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю перадасць справу галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука ў Следчы камітэт, паведаміў журналістам 2 красавіка старшыня КДК Леанід Анфімаў.
«Крымінальная справа распачынаецца, а потым перадаецца ў следчыя органы. Абвінавачанне выстаўляе Следчы камітэт», – сказаў ён.
На пытанне, навошта Сацуку абралі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, калі ўсе дакументы і тэхніка канфіскаваныя, а межы краін вакол Беларусі закрытыя і паехаць журналіст не зможа, Анфімаў адказаў: «У нас было вельмі шмат выпадкаў, калі былі межы закрытыя, і тым не менш падазраваныя знаходзілі шчыліны і ўнікалі з поля зроку праваахоўных органаў, пакідаючы нас, прабачце, з носам. Я ж не магу паставіць каля кожнага падазраванага, каму мы змяняем меру стрымання, аператыўнага супрацоўніка, каб ён хадзіў з ім дзень і ноч. Неабавязкова чакаць ад чалавека, што ён можа некуды збегчы за мяжу або схавацца ад органаў крымінальнага пераследу, але ён можа перашкодзіць аб’ектыўнаму расследаванню».
Паводле слоў Анфімава, пасля таго як ДФР КДК перадасць матэрыялы справы ў Следчы камітэт, мера стрымання можа быць змененая. Акрамя таго, СК пасля ацэнкі матэрыялаў справы можа перакваліфікаваць крымінальны артыкул. «А магчыма, наогул скажуць нам, што мы не маем рацыі, і спыняць гэты крымінальны пераслед. Я не выключаю і такога варыянта», – дадаў ён.
На пытанне аб тым, ці ёсць у артыкулах Сацука не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, а сабраныя ім звесткі аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя не маюць грамадскай значнасці і журналіст абараняў нечыя камерцыйныя інтарэсы, Анфімаў адказаў: «А вы лічыце, што не абараняў? Магчыма, вы не ўсё ведаеце проста. Я пакуль не буду нічога расказваць у інтарэсах следства і, можа быць, нават у яго інтарэсах».
Журналісты папрасілі растлумачыць, чаму ў паведамленні КДК аб затрыманні Сацука сцвярджаецца, што ён зʼяўляецца дырэктарам ТДА «Інтэр-Сміт», галоўным рэдактарам і ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу «Ежедневник», у той час як на сайце ej.by Сацук пазначаны не як галоўны рэдактар, а як рэдактар. Акрамя таго, згодна з наяўнай інфармацыяй, Сацук не ўладальнік і нават не саўладальнік ТДА «Інтэр-Сміт»: саўладальнікамі і заснавальнікамі зʼяўляюцца чатыры чалавекі, якія падпісалі адкрыты ліст да прэзідэнта, – Аляксандр Сацук (брат Сяргея Сацука), Вадзім Сяховіч, Андрэй Александровіч і Аляксандр Аксёнаў.
«Вы ведаеце, магчыма, юрыдычна і не зʼяўляецца, але ёсць фактычныя ўладальнікі і ёсць намінальныя ўладальнікі, – адказаў Анфімаў. – Калі ў мяне будзе жалезны доказ таго, што нехта зʼяўляецца ўладальнікам фактычным, а не намінальным, я абавязкова скажу, што ён зʼяўляецца ўладальнікам, і дакажу гэта».
Анфімаў таксама пракаментаваў ліст Сацука, які той пакінуў для калег на выпадак свайго затрымання і ў якім заяўляў пра пагрозы на свой адрас з боку высокапастаўленага чыноўніка. Кіраўнік КДК сказаў, што ніхто не мог «замовіць» журналіста яго ведамству. «Калі б хтосьці »крышаваў«, ведаючы рэзананс вакол »справы медыкаў« і забеспячэння медыцынскай тэхнікай, даўно б гэты »крышавальнік« сядзеў», – запэўніў Анфімаў.
«Калі ўжо на тое пайшло, журналістыка – гэта настолькі тонкая сфера дзейнасці, дзе павінны працаваць людзі прыстойныя, суперпрыстойныя, – падкрэсліў чыноўнік. – Але калі я гляджу, як пішуцца замоўленыя артыкулы, часта бачу, як неабʼектыўна асвятляецца дзейнасць дзяржаўных органаў, асабліва Камітэта дзяржкантролю, мне становіцца проста крыўдна. Як можа журналіст, не ведаючы сутнасці справы і ўсіх тонкасцяў, даваць ацэнку таго, што адбываецца ў гэтым дзяржаўным органе?»
У адказ на гэта журналісты заклікалі старшыню КДК зрабіць падпарадкаванае яму ведамства больш адкрытым для СМІ і аператыўна даваць інфармацыю.