У Беластоку паліцыя кантралявала кіроўцаў транспарту



Паліцыя cёння кантралявала кіроўцаў транспарту на ажыўленым праспекце Пілсудскага ў Беластоку. Паліцыянты спынялі машыны і пыталіся пра маршрут руху. 

«Правяраем мэтазгоднасць падарожжа: ці звязаны рух з патрэбамі, указанымі ў рэгламенце, то бок на працу, па закупы, лекі альбо даглядаць за састарэлымі ці інвалідамі», – тлумачыць прэс-сакратар падляшскай паліцыі Томаш Крупа:

– Гэта тычыцца абмежавання парушэнняў перамяшчэння ці пешшу, ці сродкамі калектыўнай камунікацыі. Тут галоўнае паставіць на кантроль гэтых перавозчыкаў. Мы не гаворым пра грамадскі транспарт. Праца паліцыянтаў звязана з кантролем мэтазгоднасці перамяшчэння.

Томаш Крупа таксама нагадаў пра тое, што дзеянні паліцыі скіраваныя на агульную бяспеку. Таксама ён паведаміў пра тое, што напярэдадні ў Беластоку дайшло да некалькіх дзясяткаў парушэнняў правілаў, усталяваных польскімі ўладамі ў сувязі з небяспекай каронавіруса.

– Дакладна мы мелі 36 такіх выпадкаў, 24 з іх аказаліся не пацверджанымі. Тры закончыліся налажэннем штрафаў. У пяці выпадках дастаткова было таго, што паліцыянты праінструктавалі тых, хто парушаў правілы. Чатыры выпадкі скончыліся складаннем тлумачэнняў аб здзяйсненні правапарушэння.

У Польшчы, нагадаю, дзейнічаюць новыя каранцінныя абмежаванні. Да прыкладу,  прадуктовыя крамы і аптэкі з 10-й да 12-й гадзіны дня  могуць наведваць толькі асобы, старэйшыя за 65 гадоў. У крамах у чарзе да касы могуць адначасова знаходзіцца максімальна тры чалавекі. Зачыненыя ўсе грамадскія ўстановы, сады ды школы. Каранцін тычыцца ўсёй краіны. Грамадзянаў заклікаюць заставацца дома.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток