Таццяна Севярынец: Грамада павінна мабілізавацца. Хаця б шыць маскі
Віцебская актывістка Таццяна Севярынец разам з мужам “сышла ў самаізаляцыю”. Яна практычна не выходзіць з кватэры, і таму з’явілася шмат вольнага часу.
Спадарыня Таццяна вырашыла шыць маскі, якіх часцяком няма ў аптэках, і робіць гэта ўручную.
– Набыла тканіну і здабыла выкрайку ў інтэрнэце. Працэс не такі хуткі, бо ў мяне няма машынкі. І я выклала гэта ў інтэрнэце. Але не таму, што я такая добрая! Глядзіце, дзяржава паводзіць сябе ганебна ў такіх акалічнасцях. Людзі, дык давайце вы самі! Вазьміце, зрабіце, забяспечце сябе і сваіх блізкіх, раздайце каму-небудзь.
Таццяна Севярынец перадала маскі ў сваю паліклініку, працягвае шыць для родных. На яе думку, ёсць пэўны мінімум, які сама грамада павінна зрабіць для самазахавання. Такія захады робяцца зараз і ў большых маштабах: газета “Витебские вести” паведаміла, што перад пагрозай мабілізаваліся віцебскія бізнесоўцы – нехта арганізаваў бясплатныя абеды для лекараў, нехта ахвяраваў грошы на тыя ж маскі ці перадаў сродкі на медычнае абсталяванне.
Тым часам Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што ў Беларусі нягледзячы ні на што будзе праведзены ўрачысты парад у Дзень Перамогі – імпрэза далёка не танная. І што ў Віцебску трэба рыхтавацца да фестывалю “Славянскі базар”, бюджэт якога складае 6 мільёнаў 340 тысяч рублёў. Для параўнання: на барацьбу з каронавірусам беларускае Міністэрства фінансаў накіравала з дзяржаўнага бюджэта толькі 2 мільёны 352 тысячы рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск