Пандэмія каронавірусу – сітуацыя на вечар 2 красавіка
За апошнія суткі сітуацыя з заражэннем COVID-19 у свеце паводле розных інфармацыйных рэсурсаў істотна не змянілася. Зноў адзначаны рост людзей, якія заразіліся каронавірусам. Цэлы час расце і колькасць людзей, якія у выніку заражэння паміраюць. Пра гэта паведамляе рэсурс Worldometer. Беларускае Радыё Рацыя падае статыстыку з гэтага спецыялізаванага сайту і не можа адказваць за дакладнасць лічбаў. Зразумела, што тут улічаны далёка не ўсе выпадкі лятальнага зыходу, а статыстыка ва ўмовах пандэміі ўвогуле не можа быць дакладнай.
Найбольш цяжкая сітуацыя па-ранейшаму ў Італіі, Іспаніі, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. У Італіі за апошнія суткі памерлі 760 чалавек (за папярэднія дні 727 і 837), у Іспаніі – 709 (два апошнія дні 589 і 553). У Вялікабрытаніі за суткі памерла 569 чалавек (мінулыя суткі 563). У Італіі і Іспаніі паводле нацыянальных звестак, аднак, стала захворваць за кожныя суткі крыху менш людзей.
Колькасць выяўленых інфікаваных COVID-19 па ўсім свеце цэлы час расце і на вечар 2 красавіка складае ўжо 999 907 чалавек. Наступны дзень гэтая лічба перавысіць мільён. 210 191 чалавек вылечылася. А памерла па ўсім свеце 51 465 чалавек.
Больш 233 тысяч выяўленых хворых у ЗША, гэтая дзяржава з вялікім адрывам трымаецца на сумным першым месцы. У Італіі больш 115 тысяч заражаных, у Іспаніі – больш 110 тысяч, у Кітаі – больш 81,5 тысяч і гэтая колькасць амаль не расце. Больш 83 тысяч выяўленых хворых у Германіі, больш 59 тысяч – у Францыі, больш 50 тысяч – у Іране, амаль 34 тысячы – у Вялікабрытаніі, больш 18 тысяч – у Швайцарыі і Турцыі, больш 15 тысяч – у Бельгіі, больш 14,5 – у Нідэрляндах, у Аўстрыі – больш 11 тысяч хворых.
Агульная колькасць ахвяраў каронавірусу ў свеце дасягнула 51 465 чалавек, за апошнія суткі памерла 4 259 чалавек (за папярэднія двое сутак 3 760 і 3 466 чалавек). Колькасць ахвяраў расце не ў геаметрычнай прагрэсіі, а лінейна ў арыфметычнай.
Найбольш памерлых за ўвесь час зафіксавана ў Італіі – 13 915 чалавек.
Далей у гэтай сумнай статыстыцы ідуць:
Іспанія – 10 096.
ЗША – 5 738
Францыя – 4 503
Кітай – 3 318
Іран – 3 160
Вялікабрытанія – 2 921
Нідэрлянды – 1 339
Германія – 1 048
Бельгія – 1 011
Швайцарыя – 522
Турцыя – 356
Швецыя – 282
Паводле афіцыйных звестак сітуацыя ў суседніх з Беларуссю краінах наступная:
Расея – 3 548 захварэўшых – афіцыйна 30 смерцяў;
Польшча – 2 692 інфікаваных – 51 чалавек памёр;
Украіна – 804 – памерла 20 чалавек.
Літва – 649 – 9 смяротных выпадкаў;
Латвія – 458 – смяротных выпадкаў не зафіксавана;
Паводле апошніх афіцыйных звестак у Беларусі 304 захварэўшыя, 4 чалавекі памерлі.
Беларускае Радыё Рацыя