Даследнік Арктыкі беларускага паходжання
Гідрограф і геадэзіст Барыс Вількіцкі, які меў беларускія карані, нарадзіўся 3 красавіка 1885 года ў Пулкаве пад Пецярбургам. Ягоны бацька Андрэй Вількіцкі нарадзіўся ў Барысаўскім павеце на Меншчыне і быў таксама навукоўцам таго ж кірунку, прымаючы чынны ўдзел у арктычных экспедыцыях.
Барыс Вількіцкі ў 1908 годзе скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу. Удзельнічаў у чыне мічмана ў расейска-японскай вайне. У 1908 годзе скончыў Мікалаеўскую марскую акадэмію па гідраграфічным аддзеле. У 1913-15 гадах ён узначальваў гідраграфічную экспедыцыю ў Паўночным Ледавітым акіяне на ледакольных транспартах “Таймыр” і “Вайгач”. Экспедыцыя мела на мэце апісанне берагоў Паўночнай Сібіры і правядзенне гідраграфічных працаў на трасе Паўночнага марскога шляху.
У чэрвені 1913 года караблі выйшлі з Уладзівастоку. “Таймыр” у пошуках гіпатэтычнай Зямлі Саннікава ахінуў з Поўначы Новасібірскія выспы. Сустрэўшыся ля вострава Перамянення, ледаколы пашлі на поўнач, адкрылі бухту Прончышчавай і востраў Малы Таймыр. 21 жніўня маракі заўважылі вялікі, невядомы востраў. Па шырокай прасторы караблі прайшлі ўздоўж яго ўсходняга ўзбярэжжа каля 330 кіламетраў і сустрэўшы непраходныя ільды, павярнулі назад. Непадалёк ад Малога Таймыра быў адкрыты востраў Старакадомскага. У лістападзе караблі вярнуліся ва Уладзівасток.
У чэрвені 1914 года пачалася новая экспедыцыя з Уладзівастоку з мэтай здзейсніць скразное плаванне Паўночным марскім шляхам з усходу на захад да Архангельску. Цягам маршруту быў адкрыты невялікі востраў (цяпер востраў Жохава) ва Усходне-Сібірскім моры. Урэшце караблі ўмерзлі ў ільды і спыніліся на зімоўку каля заліва Дзіка. У канцы чэрвеня 1915-га судны вызваліліся з ільдоў і ўрэшце прыбылі ў Архангельск, завяршыўшы першы скразны рэйс у заходнім кірунку. У выніку экспедыцыі было зроблена апісанне ўзбярэжжа Паўночнай Зямлі, сабраныя картаграфічныя, акеаналагічныя і метэаралагічныя матэрыялы. За адкрыццё новых земляў у Арктыцы Барыс Вількіцкі быў узнагароджаны Рускім геаграфічным таварыствам Канстанцінаўскім медалём. Матэрыялы той экспедыцыі ў час першай сусветнай вайны былі эвакуяваны ў Яраслаўль. На жаль, у час падаўлення антыбальшавіцкага паўстання і артылерыйскага абстрэлу, яны амаль усе былі знішчаны.
У 1918 годзе Барыс Вількіцкі ўзначаліў першую савецкую гідраграфічную экспедыцыю ў Арктыцы, але ў Архангельску яна была захоплена Брытаніяй. У пачатку 1920-га даследнік эміграваў у Англію. У 1923-24 гадах па запрашэнні савецкіх знешнегандлёвых арганізацый Вількіцкі ўзначальваў тавараабменныя экспедыцыі. Пазней ён многія гады працаваў гідрографам у былым Бельгійскім Конга (цяперашняя Дэмакратычная Рэспубліка Конга) у Афрыцы.
Памёр Барыс Вількіцкі ў Бруселі 6 сакавіка 1961 году. У наш час яго парэшткі былі перапахаваны ў Пецярбургу на Смаленскіх могілках на месцы спачыну бацькі і брата. Імем падарожніка Вількіцкага названы праліў паміж Паўночнай Зямлёй і паўвыспай Таймыр, а таксама востраў у Карскім моры. Усяго гэта прозвішча носяць ажно 9 тапонімаў. У 2013-ым годзе пошта Расеі выдала адмысловую марку-блок у гонар Вількіцкага.
Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя