Таццяна Севярынец: Самаізаляцыя – гэта грамадзянскі абавязак



Сям’я віцебскай грамадскай актывісткі прыняла рашэнне не пакідаць кватэру без пільнай неабходнасці. Яе муж Кастусь Севярынец мае некалькі хранічных захворванняў, і заразіцца каронавірусам для яго вельмі небяспечна.

Клопат прынесці з крамы самае неабходнае ўзяла на сябе малодшая дачка Дар’я, кажа бацька:

– Проста да слёз тое, як клапоцяцца нашы дзеткі. Дашка даглядае, скажам так, нас, носіць прадукты. А тыя дзеткі, што далей, дасылаюць грошы, каб яна нешта купляла тату з мамай. Трэба проста любіць адзін аднаго. І гэта самае галоўнае, ці ў самаізаляцыі, ці не ў самаізаляцыі.

Паводле Таццяны Севярынец, яна магла б схадзіць у краму і сама. Але, дзякуючы клопату дзяцей, сітуацыя гэтага не вымагае. Горш тым людзям, у каго няма побач блізкіх сваякоў. Ім даводзіцца ці прасіць кагосьці, ці самім ісці ў краму па харчы. Але хадзіць туды проста дзеля шпацыру, як прывыклі некаторыя пенсіянеры, спадарыня Таццяна катэгарычна не раіць:

– Тое, што кажа Лукашэнка, расхалоджвае людзей, якія яму вераць: «Дзе той вірус, я яго не бачу, значыць, яго няма”. Таму гэта час, калі кожны чалавек павінен адчуць адказнасць за сябе і за іншых. Як мага радзей выходзіць з хаты, выходзіць у масцы, у пальчатках, выходзіць толькі па тое, што насамрэч патрэбна. Вось гэта – высокая грамадзянская адказнасць!

Прыняўшы рашэнне сысці ў самаізаляцыю, кожны можа знайсці годнае прымяненне для сваіх здольнасцяў і талентаў, пераканана Таццяна Севярынец. Прыкладам, яна шые маскі, якія перыядычна знікаюць з продажу – для сваіх блізкіх і ўсіх, хто папросіць. А Канстанцін Севярынец разам са сваім даўнім сябрам з Маямі працуе над відэаблогам для дзяцей – чытае для іх свае вершы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя