Слонімскія мусульмане не могуць даехаць да могілак
Слонімскія мусульманскія могілкі знаходзяцца каля пяці кіламетраў ад цэнтра Слоніма. Размешчаны яны ў лясным масіве за гарадскімі могілкамі. Гэтым могілкам ужо 300 гадоў.
Сулейман Байрашэўскі — грамадскі і рэлігійны актывіст, імам-старшыня аб’яднання мусульман Слонімшчыны, былы намеснік муфція Беларусі, на днях быў вельмі здзіўлены, калі не змог па лясной дарозе ад гарадскіх могілак дабрацца да сваіх мусульманскіх. Дарога да могілак перакрыта вялікімі бетоннымі блокамі. Іншай дарогі, каб даехаць да могілак няма. Займаюць могілкі плошчу 2,7 гектара зямлі. Сярод памерлых слонімцаў-мусульман там ёсць шмат магіл вайскоўцаў-мусульманаў, якія служылі ў войску і загінулі альбо памерлі ад атрыманых ранаў падчас Першай сусветнай вайны. На могілках стаіць агульны помнік-абеліск. А на кожнай магіле зроблены пліты з пазначэннем прозвішча, імя і палка, дзе хто служыў, і іншыя розныя звесткі. Мусульманскія могілкі, дзякуючы Сулейману Байрашэўскамуі іншым мусульманам Слоніма, падтрымліваюцца ў належным стане і сёння. Імам-старшыня шмат увагі аддае ўпарадкаванню мусульманскіх могілак. Амаль штотыдзень наведвае іх, аглядае, прывозіць на экскурсію гасцей з іншых краін, наладжвае мерапрыемствы па ўшанаванні ўсіх тых, хто загінуў падчас розных войнаў. А цяпер мусульмане ўсхваляваныя, як дабрацца да сваіх могілак?
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя