„Віцебск” папрасіў перанесці матч са „Смалявічамі” ў іншы горад



„Віцебск” звярнуўся ў БФФ з просьбай правесці паядынак 3-га тура чэмпіянату Беларусі са „Смалявічамі” і матч дублюючых складаў на стадыёне ФК „Смалявічы”, а матчы 18-га тура („Смалявічы” – „Віцебск”, асноўны і дублюючы склады) у Віцебску. Ініцыятыву пераносу сустрэчы паўночнікі абгрунтавалі складанымі ўмовамі надвор’я апошніх дзён і мінусовай сярэднясутачнай тэмпературай, з-за чаго стан поля з натуральным пакрыццём выклікала ў прымаючага боку вялікую асцярогу.

Бюро выканкама Асацыяцыі вывучыла аргументы прадстаўнікоў ФК „Віцебск” і ўхваліла хадайніцтва. Такім чынам матч „Смалявічы” – „Віцебск” пройдзе 5 красавіка на стадыёне „Гарадскі” ў горадзе Барысаве і стартуе ў 16.00. Тады як матч 18-га тура „Віцебск” – „Смалявічы” пройдзе ў горадзе Віцебску, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта БФФ.

Генадзь Халепа ўзначаліць моладзевую каманду „Вецлар”

Беларускі спецыяліст Генадзь Халеп у міжсезонне стане галоўным трэнерам моладзевага (U-23) складу нямецкага „Вецлара”. Каманда гуляе ў трэцяй лізе і займае чацвёртае месца ў цэнтральнай зоне. Раней Халеп ужо быў часткай „Вецлара” – прычым і як гандбаліст, і як галоўны трэнер асноўнай каманды. Сёння ж ён працуе ў жаночым клубе „Айбельсхаўзэн-Эверзбах”.

Збор мужчынскай зборнай Беларусі па гандболе не адбудзецца

Вясновы збор мужчынскай нацыянальнай каманды Беларусі па гандболе не адбудзецца. Меркавалася, што ён пройдзе з 6 па 19 красавіка ў Менску. Не так даўно ЕГФ ўстанавіла новыя меркаваныя тэрміны стыкавых адборавых матчаў чэмпіянату свету-2021 (29 чэрвеня – 5 ліпеня). За права адправіцца на топ-турнір каманда Юрыя Шаўцова паспрачаецца з пераможцам пары Польшча – Літва.

Старт жаночага чэмпіянату Беларусі па футболе намечаны на 16 красавіка

У менскім Доме футбола прайшло лёсаванне жаночага чэмпіянату Беларусі 2020 года, старт якога намечаны на 16 красавіка. Дзейсныя чэмпіёнкі, уладальніцы Кубка і Суперкубка краіны футбалісткі „Менска” ў першым туры прымуць на сваім полі магілёўскі „Днепр”. Уладальнік срэбных медалёў мінулага першынства сталічная „Зорка-БДУ” першы паядынак правядзе ў гасцях супраць выхаванак Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву, бронзавы прызёр гарадзенскі „Нёман” згуляе на выездзе з футбалісткамі „Бабруйчанкі”. Акрамя таго, сталічная каманда „Дынама-БДУФК” прыме юніёрскую зборную Беларусі (U-19).

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя