У Беларусі выяўлена 440 выпадкаў заражэння COVID-19



У Беларусі па стане на 4 красавіка зарэгістравана пяць смерцяў ад каронавіруса COVID-19, а агульная колькасць выпадкаў заражэння дасягнула 440, вынікае з паведамлення ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя.

На 4 красавіка на стацыянарным лячэнні з каранавірусам знаходзяцца 394 чалавекі. „У часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасля праходжання лячэння ачуняў 41 чалавек”, — паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Зарэгістравана пяць выпадкаў смерці пацыентаў, у якіх „шматлікія хранічныя захворванні былі абцяжараныя каранавіруснай інфекцыяй”, адзначае ведамства.

Згодна са звесткамі на 3 красавіка, у краіне быў пацверджаны 351 выпадак каранавіруса COVID-19.

Напярэдадні на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан запэўніла, што эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне развіваецца прагназавана і паступальна. Яна адзначыла, што асноўныя меры, якія дазволяць стрымаць распаўсюджванне інфекцыі, — сацыяльнае дыстанцыяванне і самаізаляцыя.

7 красавіка ў Беларусь прыбудзе місія экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя для маніторынгу сітуацыі з каранавірусам. У Менск прыедуць тры эксперты, яны ацэняць працу беларускіх медыкаў. Місія СААЗ будзе знаходзіцца ў краіне да канца наступнага тыдня. Спецыялісты наведаюць бальніцы і вывучаць дакументацыю Міністэрства аховы здароўя. Акрамя таго, у Капенгагене сабраная каманда экспертаў СААЗ, якая будзе ў анлайн-рэжыме дапамагаць прадстаўнікам арганізацыі ў Менску.

belapan.by

Фота TUT.BY