Больш за 100 праціўнікаў завода сабраліся ў Берасці



5 красавіка каля поўдня ў Берасці на плошчы Леніна ў чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць на гэтай пляцоўцы кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было больш за 100 чалавек. Усе яны прыйшлі на сустрэчу ў масках і знаходзіліся адзін ад аднаго на адлегласці не меншай як адзін метр.

Міліцыя праз мегафон папярэджвала прысутных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Як расказаў БелаПАН адзін з лідараў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзмітрый Бекалюк, 1 красавіка на імя старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса накіраваны калектыўны зварот з просьбай правесці сустрэчу з актывістамі. Пад зваротам падпісаліся 50 жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна.

„Нам стала вядома, што да 15 красавіка кіраўнік вобласці павінен перадаць кіраўніцтву краіны заўвагі па заводзе. Мы хочам перадаць Анатолю Лісу ўсю сабраную намі інфармацыю, якая пацвярджае надзвычайную небяспеку гэтага свінцовага завода для навакольнага асяроддзя і людзей, — адзначыў Бекалюк. — Мы выкарыстоўваем усе законныя шляхі, каб такога прадпрыемства не было ў гэтым месцы. Акумулятарны завод павінен быць канчаткова закрыты”.

Ён нагадаў, што згодна з інфармацыяй на сайце Берасцейскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, 1 красавіка ў Берасці быў атрыманы першы станоўчы тэст на COVID-19. Нягледзячы на гэта, адзначыў Бекалюк, людзі прыйшлі на плошчу, таму што ў выпадку запуску акумулятарнага завода жыхарам рэгіёну пагражае не менш сур’ёзная небяспека. „Гэта не вірусная эпідэмія, якая прыходзіць і сыходзіць”, — адзначыў актывіст.

У сваю чаргу актывістка Таццяна Фесікава заявіла: „Мы прыходзілі і будзем прыходзіць на плошчу, таму што наступствы ад эксплуатацыі акумулятарнага завода будуць несувымерна больш небяспечныя, чым часовая сітуацыя з каранавірусам”.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй адмовіліся ад традыцыйнага шэсця па цэнтральных вуліцах Берасця — Пушкінскай і Савецкай.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Берасце”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

У чэрвені 2019 года Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”.

У гэтым жа месяцы Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Берасцейскай крэпасці заявіў, што ён — „на баку людзей”, якія занепакоеныя праблемамі, звязанымі з уводам у эксплуатацыю акумулятарнага завода. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна даць мясцовым жыхарам права правесці экспертызу будаўніцтва прадпрыемства. „Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод”, — падкрэсліў ён.

4 лютага 2020 года праектная дакументацыя акумулятарнага завода пасля карэкціроўкі была пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

24 сакавіка прэс-служба 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць „АйПаўэр”, паведаміла, што Цэнтр экалагічных экспертыз ацаніў разлікі, прыведзеныя ў праекце, як празмерныя, выкананыя з вялікім запасам. ТАА „НПФ „Экалогія”, якое з’яўляецца генеральным праекціроўшчыкам, адклікала пакет дакументаў, выканала дапрацоўку і падало іх у Рэспубліканскі цэнтр дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінпрыроды.

belapan.by