Standard & Poor’s пацвердзіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі на ўзроўні „В”



Рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s 3 красавіка пацвердзіла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі па абавязацельствах у замежнай і нацыянальнай валюце на ўзроўні „B” з прагнозам „Стабільны”.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў Беларусі, аналітыкі S&P адзначылі паляпшэнне макраэканамічных паказчыкаў у апошнія гады, жорсткую фіскальную палітыку, гнуткасць грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама наяўнасць дастатковага ўзроўню золатавалютных рэзерваў, што, на іх думку, дазволіць ураду выканаць свае даўгавыя абавязацельствы на працягу наступных 12 месяцаў у поўным аб’ёме.

Тым не менш, паводле ацэнак агенцтва, эканамічны рост у Беларусі ў 2020 годзе ў рэальным выражэнні скароціцца на 2%. Гэта абумоўлена абмежаваннем доступу на рынкі камерцыйных аблігацый, пагаршэннем умоў знешняга гандлю, слабымі паказчыкамі ўнутранага спажывання ў сувязі з неспрыяльным уздзеяннем пандэміі СOVID-19.

Доўгатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Рэспублікі Беларусь па абавязацельствах у замежнай і нацыянальнай валюце Standard & Poor’s павысіла з „В-” да „В” у пачатку кастрычніка 2019 года, „з прычыны паляпшэння тэмпаў эканамічнага росту і забяспечанага знешняга фінансавання”.

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сакавіка, паводле дадзеных Мінфіна, павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2020 года на 2 млрд рублёў, або на 4,5%, і склаў 46,8 млрд рублёў. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 сакавіка склаў 16,9 млрд долараў ЗША, ён паменшыўся з пачатку года на 0,3 млрд долараў, ці на 1,6%. Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 сакавіка склаў 9,1 млрд рублёў, ён павялічыўся з пачатку года на 0,3 млрд рублёў, або на 3,8%.

У дачыненні да ВУП на 1 сакавіка дзярждоўг склаў 33,1%, у тым ліку знешні дзярждоўг — 26,6%, унутраны — 6,5%. У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд — на пагашэнне асноўнага доўгу. Больш за 85% расходаў будуць звязаныя з выплатамі на карысць усходніх крэдытораў. Гаворка ідзе пра Расею, Кітай і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за люты, паводле інфармацыі Нацбанка, скараціліся на 438,2 млн долараў, або на 4,7%, і на 1 сакавіка склалі 8,8 млрд долараў.

belapan.by