Гарадок: масак у аптэках няма, але паведамляць пра гэта нельга



Гарадок – гэта раённы цэнтр усяго ў 30-ці кіламетрах ад Віцебска, дзе зафіксаваны першыя ў Беларусі смяротныя выпадкі хворых на каронавірус. Мясцовыя жыхары занепакоеныя: многія з іх ездзяць у Віцебск на працу, а сродкаў індывідуальнай абароны ў райцэнтры няма з 2-га красавіка.

Рэдактар незалежнага сайта haradok.info Леанід Гаравы апісаў сваю гісторыю пошуку медычных масак. Ні ў дзяржаўных, ні ў прыватных аптэках іх даўно няма, але “прыватнікі” хаця б размясцілі пра гэта аб’яву для наведнікаў. 

У дзяржаўнай аптэцы  катэгарычна адмовіліся прызнаць відавочны факт, кажа Леанід Гаравы:

 – Я накіраваўся да загадчыцы, каб даведацца, ці можна на дзвярах размясціць аб’яву, што масак  няма. Яна патэлефанавала свайму кіраўніку, і той сказаў, што такую аб’яву размяшчаць нельга. Элементарнае  права спажыўцоў атрымліваць інфармацыю груба парушаецца!

Дзяржаўная аптэка месціцца на другім паверсе, сталым людзям нялёгка туды падымацца, а само памяшканне невялікае, і ў ім збіраецца шмат людзей, якія ў выніку не могуць набыць неабходнае, падкрэслівае гарадоцкі актывіст.

Пра праблему адсутнасці масак, антысэптычных сродкаў і беларускага парацэтамолу ён вырашыў распавесці ў суполцы  “Врачи Беларуси. Каронавирус не пройдет!” у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. На ягоную думку,  у гэтай суполцы размяшчаюцца матэрыялы, якія прыхарошваюць сітуацыю з распаўсюдам каронавіруса, і Леанід Гаравы  меркаваў, што крытычны допіс палепшыць сітуацыю з забеспячэннем сродкамі індывідуальнай абароны ў Гарадку. Але мадэратары не толькі не апублікавалі заўвагі актывіста, але й занеслі яго самога у “чорны спіс”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск