Памёр вядомы трэнер па дзюдо Вячаслаў Сянкевіч



На 61-м годзе жыцця памёр вядомы трэнер па дзюдо Вячаслаў Сянкевіч, паведамілі  БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі дзюдо. Вячаслаў Сянкевіч нарадзіўся 6 кастрычніка 1959 года. Ён з’яўляўся майстрам спорту міжнароднага класа, першым сярод беларускіх дзюдаістаў, якія сталі чэмпіёнам СССР, бронзавым прызёрам чэмпіянатаў СССР, срэбраным прызёрам Сусветнай універсіяды 1982 года. У якасці трэнера падрыхтаваў вялікую плеяду спартоўцаў, якія праслаўлялі Беларусь на міжнародных спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Беларуская федэрацыя дзюдо выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім у сувязі са смерцю Вячаслава Сянкевіча.

„Энергетык-БДУ” выйшаў у лідары футбольнага чэмпіянату Беларусі

Футбалісты сталічнага „Энергетыка-БДУ” выйшлі ў лідары чэмпіянату Беларусі, перамогшы на сваім полі землякоў з „Мінска” з лікам 2:0. У першай палове сустрэчы невялікая гульнявая перавага была на баку „студэнтаў”, якія выйшлі наперад на 21-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Аляксея Наско. Пасля перапынку футбалісты „Мінска” шмат атакавалі, але зраўняць лік не змаглі. А на другой кампенсаванай хвіліне гаспадары поля правялі хуткую контратаку, якую завяршыў узбекскі форвард Джасурбек Яхшыбоеў. З трыма галамі ён узначаліў бамбардзірскую гонку беларускага першынства. Пасля гэтай перамогі „Энергетык-БДУ” набраў 9 ачкоў з 9 магчымых. „Слуцк” на выездзе нанёс першую паразу „Іслачы” — 3:2, а „Смалявічы” саступілі „Віцебску” — 0:1.  Матчы 4-га тура запланаваныя на 10-13 красавіка.

Гомельскі БЧ выйграў рэгулярны чэмпіянат Беларусі па міні-футболе

На чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе завяршылася першая стадыя, пераможцам якой стаў гомельскі БЧ. У заключным матчы рэгулярнага сезона гамяльчане разграмілі на выездзе „Барысаў-900” з лікам 7:2 і, набраўшы 53 ачкі ў 22 праведзеных сустрэчах, занялі першае месца.

У цэнтральным паядынку 22-га тура дзеючыя чэмпіёны краіны спартоўцы менскай „Сталіцы” на сваёй пляцоўцы згулялі ўнічыю з аршанскім „ВітЭн” – 4:4. Яшчэ адзін фаварыт гомельскі ВРЗ упэўнена перайграў на сваёй пляцоўцы аўтсайдэра турніру „Шчучын”  6:2.

БГК імя Мяшкова разграміў гандбалістаў „Гомеля” ў чэмпіянаце Беларусі

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова разграміў „Гомель” з лікам 42:31 у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі. Дзеючыя чэмпіёны краіны з самага пачатку сустрэчы захапілі ініцыятыву, выйграўшы першую палову з розніцай у 6 мячоў – 19:13. Пасля перапынку берасцейцы таксама не мелі сур’ёзных праблем і ўпэўнена давялі гульню да перамогі.

Гэта 23-я вікторыя БГК у 24 праведзеных паядынках нацыянальнага першынства. У наступным туры 22 красавіка берасцейская каманда згуляе ў Магілёве супраць мясцовага клуба „Машэка”. У гэты ж дзень віцэ-чэмпіёны Беларусі гандбалісты мінскага СКА прымуць на сваёй арэне гасцей з „Гомеля”.

Вячаслаў Харанека ўсталяваў рэкорд у жыме гіры

Вядомы беларускі гіравік Вячаслаў Харанека ўсталява ў Менску чарговы сусветны рэкорд. Спартовец выступіў у намінацыі „Гіравы спрынт” (жым гіры вагой 24 кг адной рукой напераменку, лежачы, з абмежаваннем часу ў 3 хвіліны) Вячаслаў Харанека зрабіў 170 уздымаў за 163 секунды. Вынік зафіксаваў суддзя міжнароднай катэгорыі, старшыня камісіі Міжнароднай федэрацыі гіравага спорту Міхаіл Рабец.

Легендарны атлет прызнаў, што дасягнуць такога выніку было вельмі складана. Папярэдні рэкорд складаў 166 уздымаў за 158 секунд. „Гэты рэкорд усталяваў у падтрымку ўсіх, хто цяпер знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, трэніруецца ў абмежаванай прасторы, лекараў, якія цяпер вельмі шмат працуюць. Давайце падтрымліваць адзін аднаго і займацца спортам”, – адзначыў Вячаслаў Харанека.

На дадзены момант чэмпіён свету і шматразовы рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса Вячаслаў Харанека ўсталяваў ўжо 160 афіцыйных рэкордаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя