За пяць дзён валанцёры кампаніі ByCovid-19 сабралі больш за 166 тысяч рублёў



За пяць дзён валанцёры кампаніі ByCovid-19, створанай для дапамогі медыкам, сабралі больш за 166 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі ідуць на закупку сродкаў індывідуальнай абароны для медработнікаў — рэспіратары, аднаразовыя халаты і бахілы, ахоўныя шчыткі і іншыя.

Як распавёў БелаПАН адзін з каардынатараў кампаніі Андрэй Стрыжак, калі ён убачыў заклік галоўнага ўрача 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Менска Максіма Ачарэтняга заставацца дома, вырашыў даведацца, у чым маюць патрэбу бальніцы. Высветлілася, што медыкам не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, у прыватнасці рэспіратараў. Краіны, адкуль яны пастаўляліся, закрылі межы і абмежавалі іх вываз.

На рэсурсе MolaMola быў абвешчаны збор сродкаў у дапамогу медыкам. Да кампаніі падключыліся прадстаўнікі бізнесу.

Свае намаганні аб’ядналі некамерцыйная дабрачынная медыяплатформа „Імёны” і „Хакерспэйс” — клуб тэхнічнай творчасці, які аб’ядноўвае інжынераў-энтузіястаў. „Хакерспэйс” адкрыў вытворчасць пластыкавых ахоўных шчыткоў для медыкаў. Іх друкуюць на 3D-прынтарах.

„Першую партыю рэспіратараў (а іх нідзе не было ў наяўнасці) мы знайшлі ў Салігорску. Мы ўзялі спачатку 37 штук, потым яшчэ 190. Потым да кампаніі пачалі далучацца новыя людзі, якія хацелі дапамагчы лекарам, — і мы знайшлі магчымасць закупіць 20 тысяч рэспіратараў і спрабуем знайсці яшчэ. Таксама закупілі 6 тысяч аднаразовых халатаў, 2.800 з якіх ужо раздалі бальніцам. Хутка будзем закупляць супрацьчумныя камбінезоны для хуткай дапамогі і будзем чакаць пастаўкі рэспіратараў. „Хакерспэйс” зрабілі ўжо 2.300 штук ахоўных шчыткоў для медыкаў і перадалі ў бальніцы”, — расказаў Стрыжак.

Агульны збор кампаній на МolaMola ўжо перавысіў 166 тысяч рублёў. На гэтым рэсурсе ініцыявана таксама больш за паўтара дзясятка іншых кампаній па зборы дапамогі медыкам, паведаміў адзін з каардынатараў кампаніі.

Ён адзначыў, што закупка аднаразовых халатаў часткова аплачаная беларускім бізнесам. „Імёны” запусцілі форму, дзе медыкі могуць напісаць пра свае патрэбы, і інфармацыя патрапіць у агульную базу. „Праблема ў тым, што раней, да прыкладу, была крызісная кропка, і ты шукаеш рэсурсы за межамі гэтай крызіснай кропкі. Зараз жа ўсё складаней, бо крызіс ахапіў усю планету, і кожная дзяржава абараняе сябе — закрыла для вывазу рэспіратары, да прыкладу. Маскі могуць прыйсці з Кітая — але на гэта патрэбны час, а сітуацыя складаная, у Менску і Віцебску асабліва. Гэта вялікія выклікі для сістэмы аховы здароўя. Самаізаляцыя і каранцін не спыняць пандэмію, але расцягнуць у часе і знізяць нагрузку на лекараў. Калі маса людзей адначасова патрапяць у бальніцы, то справіцца будзе вельмі цяжка. А калі медыкі не будуць абароненыя, то таксама будуць хварэць і паміраць, як ужо было ў Віцебску з медсястрой. Мы працуем, каб абараніць медыкаў”, — патлумачыў Стрыжак.

Дапамога кампаніі ў выглядзе сродкаў індывідуальнай абароны накіраваная ў 2-ю, 6-ю, 10-ю сталічныя бальніцы, у дзіцячую інфекцыйную бальніцу Менска, а таксама ў медустановы Віцебскай і Гарадзенскай вобласці.

belapan.by

Фота з Фэйсбука Андрэя Стрыжака