Плошча Пінска – учора і сёння
Неяк даводзілася чуць, што цэнтральная плошча Пінска адна з самых вялікіх у краіне. Магчыма ў іншых гарадах меншыя, не ўдакладняў, а вось тое, што пінская плошча за стагоддзе, як мінімум тры разы кардынальна зменьвала свае аблічча – дакладна.
Дастаткова паглядзець на здымкі, каб у гэтым пераканацца. Захавалася шмат фота, паглядзім і адзначым асноўныя этапы перамен.
Карабель плыў над Палессем
Да 1953 года на сучаснай плошчы існаваў касцёл святога Станіслава – самы вялікі каталіцкі храм на землях Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Яго было відаць здалёк, параўноўвалі з караблём, які плыве над Палессем. Святыня шмат чаго перажыла, але не атэістычнай савецкай улады. Таксама да 1960-х гадоў на плошчы былі так званыя “гандлёвыя рады”, цэлая сетка розных крамаў.
Касцёл св. Станіслава, кастрычнік 1934 года. Здымак зрабіла амерыканка Луіза Арнер Бойд у ходзе навуковай вандроўкі ад Львова да Вільні.
Тыя самыя “гандлёвыя рады” ў кастрычніку 1934 года. Ёсць версія, што іх планавалі знішчыць да 1960 года, але аб’екты былі патрэбныя рэжысёру стужкі “Першыя выпрабаванні”. Таму рады ліквідавалі ўжо пасля здымкаў.
Пінскі гандаль – легендарны кірмаш, кастрычнік 1934 года, Луіза Арнер Бойд.
Момант разбурэння з выкарыстаннем вялікай колькасці выбухоўкі, жнівень 1953 год, з калекцыі фондаў Музея Беларускага Палесся.
З’яўленне правадыра сусветнага пралетарыяту
Да 100-годдзя Уладзіміра Леніна пінскую плошчу капітальна адрамантавалі, а 4 лістапада 1970 года адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка правадыру бальшавікоў. Гэта тварэнне маскоўскага архітэктара Мікалая Мілавідава і скульптара Міхаіла Альтшулера. Дарэчы, некаторыя краязнаўцы кажуць, што помнік Леніну ў Пінску самы вялікі ў Беларусі.
Выгляд плошчы ў 1976 годзе, з калекцыі турыстычных паштовак.
1982 год, з фондаў Музею Беларускага Палесся
Ад 910 годдзя да абласных “Дажынак”
У 2007 годзе Пінск адзначыў 910-годдзе. Да дня горада, які выпадае на першыя выходныя кастрычніка, мясцовыя ўлады вырашылі правесці капітальнае ўпарадкаванне цэнтральнай плошчы. Пасля рэканструкцыя працягнулася. У 2014 годзе горад над Пінай прымаў абласное свята хлебаробаў “Дажынкі”. На плошчы, каля Дома культуры, па рэкамендацыі тагачаснага кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара з’явілася кампазіцыя ў гонар хлеба. Трэба адзначыць, што большасць пінчукоў лічаць яе няўдалай.
Сумараўскі каравай у Пінску.
Такая плошча ў наш час.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя