Аўстрыі ўдаецца пераламаць сітуацыю з каронавірусам



Аўстрыі ўдаецца пераламаць сітуацыю з каронавірусам. У мінулыя выходныя колькасць новых заражэнняў COVID-19 была ледзьве не ў 2 разы меншай, чым колькасць выздаравелых.

Яшчэ ў пятніцу фіксавалі 9334 агулам хворых, па выніках нядзелі – 8849 актыўных выпадкаў. Ва ўрадзе Аўстрыі сцвярджаюць – сітуацыя выправілася тады, калі ўвялі абавязак нашэння масак на вуліцы.

Сёння канцлер Сэбасцьян Курц паведаміў, што калі ўсё пойдзе як след, то з наступнага тыдня пачнуць адчыняць непрадуктовыя крамы плошчай не больш за 400 квадратных метраў. А з першага траўня плануюць узнавіць працу ўсе гандлёвыя цэнтры і цырульні. Адначасова, у краіне прынялі захады, каб падтрымаць тых, хто ў выніку крызісу не можа працаваць.

Пра тое, што адбываецца ў Аўстрыі, у каментары Радыё «Рацыя» распавёў наш суайчыннік, студэнт з Вены Міхал:

– Спачатку ўлады Аўстрыі ўвялі лёгкі каранцін. Пасля некалькіх дзён яны перагледзелі ўсе гэтыя захады бяспекі і абвесцілі, што зачынена ўсё, акрамя прадуктовых крамаў і аптэк. Відавочна, працуюць дзяржаўныя ды іншыя сацыяльныя службы. Менавіта мне, як творчай асобе, як студэнту, цяпер складана набыць макеты, матэрыялы, каб будаваць макеты і г.д, і абмежаванні ў прафесійнай дзейнасці – відавочныя.

РР: Ва ўніверсітэце, у вучэльні пойдуць на нейкія саступкі і дазволяць пазней абараніцца?

Міхал: Так. Навучальныя ўстановы пачалі зачыняцца раней за афіцыйны каранцін, раней за 16 сакавіка. У залежнасці ад таго, што ты вывучаеш, універсітэты па магчымасці прапануюць дыстанцыйнае навучанне. Зараз ужо абвесцілі, што семестр ва ўсіх дзіцячых садках і малодшых класах школы скончаны. Наконт ВНУ, то яны цяпер абмяркоўваюць, ці скароцяць яны летнія вакацыі ці дазволяць ужо абараняцца ў пачатку наступнага семестра.

РР: Каранцін у Аўстрыі дзейнічае ўжо тры тыдні. Якія пакаранні прадугледжаныя за яго парушэнне з аднаго боку, а з другога боку, як урад плануе дапамагчы тым людзям, якія ўласна фінансава церпяць праз каранцін, не могуць працаваць або нясуць нават страты?

Міхал: Наконт штрафаў, тут проста так «жэстачайшэ» нікога не штрафуюць. Большасць аўстрыйцаў ставяцца да каранціну вельмі адказна. Калі ты адназначна парушыш каранцін, зладзіш нейкую імпрэзу ці свята, то тады дакладна будзе штраф. Лічбы – ад 2500 да 3500 еўра.

Наконт бізнесу, індывідуальных прадпрыемстваў, а ў Аўстрыі іх шмат, яны прадугледжваюць такую падтрымку, што прадпрымальнікі ў залежнасці ад дзейнасці, будуць пазбаўленыя ад падаткаў і рэнты на некаторы час, а ўлады выплацяць ім страты ў эквіваленце 80% ад таго, што яны зарабілі ў аналагічным квартале летась.

РР: Урад палёгкі ўводзіць, але як гэта адбіваецца на канкрэтных прыкладах?

Міхал: Наконт гастраноміі, у мяне ёсць сябра, якому належыць бар у цэнтры Вены, які цяпер зачынены. Ён агучваў, што ім будзе выплачаная падтрымка 80% ад таго, што яны зарабілі ў падобным квартале ў мінулым годзе. Таксама іх пазбавяць ад выплаты падаткаў і рэнты на памяшканне. Наконт, напрыклад, будаўнічай сферы, там складана, таму што гэта вялікая фірма, там шмат людзей працуюць, ім трэба выплаціць страхоўку і іншае. Гэта складана, таму што гэтыя выплаты дакладна будуць, але іх пачнуць выплочваць праз 2 месяцы. У Аўстрыі ўсё больш-менш дэцэнтралізавана, і ўсім маленькім прадпрыемствам: цеслярам, рамеснікам – ім гэты план дакладна дапаможа. А вось буйному бізнесу гэта складана. На дадзены момант колькасць звольненых з працы ўжо больш за 150 тысячаў. Відавочна, што буйным прадпрымальнікам прасцей скінуць сваіх працаўнікоў на шыю ўладаў і сферы сацыяльнай падтрымкі, каб яны выплочвалі грошы на дадзены момант, а буйны бізнес не нёс страты.

РР: Ёсць стрыманы аптымізм наконт дынамікі захворванняў. Статыстыка сведчыць, што акурат у мінулыя суботу і нядзелю колькасць выздаравелых у краіне была большай, чым колькасць новых заражэнняў. То бок, каранцін дае эфект, нягледзячы на ўсе нязручнасці.

Міхал: Нягледзячы на тое, што Італія і рэгіён Ціроля, дзе гэта ўсё пачалося, ён побач, аўстрыйскі ўрад змог гэта ўсё зачыніць і кантраляваць сітуацыю. І вось у параўнанні з іншымі суседзямі – Нямеччынай, Швейцарыяй, Італіяй дынаміка і статыстыка станоўчыя. Ужо відавочна, што пік вось зараз і сітуацыя стабілізуецца, больш-менш.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: AFP