Мінінфарм папярэдзіла media-polesye.by за несапраўдную інфармацыю



Уладальніку сеткавага выдання media-polesye.by – таварыству з абмежаванай адказнасцю «МП компані» – вынесенае пісьмовае папярэджанне аб парушэнні патрабаванняў артыкулаў 4 і 49 закона «Аб сродках масавай інфармацыі», паведамляе Міністэрства інфармацыі.

Папярэджанне вынесенае за публікацыю «Пацвердзіўся тэст на каронавірус у жыхаркі Лунінецкага раёна. Пакуль яна ў Менску, у мясцовай лякарні памёр яе муж», размешчаную на сайце 4 красавіка. «Падчас праверкі, праведзенай сумесна з Берасцейскім абласным выканаўчым камітэтам, высветлена, што ў гэтай публікацыі змяшчалася недакладная інфармацыя пра смерць пацыента, распаўсюджванне якой здольнае нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам», – адзначаецца ў паведамленні Мінінфарма. 

Міністэрства інфармацыі ажыццяўляе штодзённы маніторынг інтэрнэт-рэсурсаў у частцы выканання патрабаванняў закона аб СМІ, у тым ліку на прадмет распаўсюджвання несапраўднай інфармацыі аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, і лічыць недапушчальным публікацыі неправераных, непраўдзівых звестак».

Беларускае Радыё Рацыя