Зміцер Кучук: Сітуацыя з каронавірусам і будаўніцтвам БелАЭС заходзіць у тупік
Кіраўнік “Расатаму” заявіў, што пандэмія каронавірусу не перашкодзіць запуску ў дзеянне АЭС у Астраўцы. А вось кіраўнік Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук прытрымліваецца супрацьлеглага погляду.
У інтэрв’ю карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя ён сказаў, што гэтая пазіцыя падрабязна абгрунтавана ў апошняй заяве партыі:
– Беларуская партыя „Зялёныя” прыняла заяву, бо сітуацыя з каронавірусам і будаўніцтвам БелАЭС заходзіць у тупік. Бо ў нас закрытыя граніцы, да нас не могуць прыехаць прадстаўнікі “Росатама” перад запускам, якія з’яўляюцца экспертамі і могуць займацца арганізацыяй запуска. І запуск з’яўляецца вельмі небяспечным механізмам, заўсёды бываюць нейкія пазаштатныя сітуацыі. Калі ў нас няма спецыялістаў, ёсць рызыкі.
Далей ёсць праблема захоўвання адкідаў. Да гэтага часу няма пагаднення з РФ па тым, дзе мы будзем усё ж такі перапрацоўваць радыеактыўныя адкіды. Магутнасцяў у Расеі няма. Я думаю, што з улікам таго, што цэны на нафту ўпалі, адпаведна, грошай на гэта таксама не будзе. Не зразумела, што будзе рабіць Мінэнерга цягам трох гадоў, калі трэба будзе даставаць гэтыя стрыжні і дзесьці іх захоўваць і некуды адпраўляць на перапрацоўку. І таму, пакуль гэтая праблема не вырашана, датуль няма сэнсу ўводзіць у эксплуатацыю Беларускую АЭС.
Яшчэ вельмі важны момант – да нас павінны прыехаць эксперты МАГАТЭ, якія павінны абследаваць, зрабіць нейкія высновы, правесці праверку дакументаў, як Беларусь выконвае прынятыя на сябе абавязацельствы. З улікам таго, што граніцы зараз закрыты, не зразумела, калі іх адкрыюць з-за каронавіруса, нашыя ўлады мусяць задумацца, ці мэтазгодна фарсіраваць падзеі і запускаць, як яны плануць, вясной або летам гэтага года станцыю. Адпаведна, трэба прымаць цвяроза рашэнні.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск