Абаронім нашых дзядуляў і бабуль!
«Абаронім нашых дзядуляў і бабуль!» – інфармацыйныя лістоўкі для пажылых людзей стварылі актывісты «Моладзевага блока». У іх сабраны асноўныя парады ад Мінздрава і Сусветнай арганізацыі здароўя пра тое, як варта паводзіць сабе падчас пандэміі каронавірусу.
Такая ідэя прыйшла Валеру Таміліну, калі ён заўважыў, што ў горадзе перасоўваецца вялікая колькасць пажылых людзей:
– Усе маладыя сядзяць дома, у кавярнях нікога няма, у крамах, на рынках – паўсюль пажылыя людзі, а яны акурат тыя, хто найбольш уразлівыя. Мне здаецца, што шмат хто з іх проста не ўсведамляе небяспеку, таму што іх недастаткова інфармуюць – гэта першае, а па-другое, можа, яны проста не ведаюць, што так можна. То бок яны, можа, не думалі, што кагосьці можна папрасіць за іх схадзіць у краму, яны не думалі, што варта мыць рукі часцей. Яны проста часта не разумеюць, якія захады ўвогуле трэба прымаць.
Дапамагчы ініцыятыве можна, падтрымаўшы яе грашовымі ахвяраваннямі на сайце molamola.by. Усе сродкі пойдуць на раздрукоўку лістовак і плакатаў, пасля чаго актывісты распаўсюдзяць іх у паліклініках, прыпынках, рынках і іншых месцах, дзе часцей за ўсё бываюць пажылыя людзі. Таксама ёсць і анлайн-версія плаката – для тых, хто гатовы раздрукаваць і распаўсюдзіць яго сам. Асабліва гэта важна для рэгіёнаў.
Але актывісты нагадваюць, што варта менавіта расклейваць плакаты, а не раздаваць іх у рукі. Кожны з нас можа быць носьбітам каронавірусу і не адчуваць гэтага, у той час як гэта будзе вельмі небяспечна для пажылога чалавека.
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя