Гародня: кавярні дапамагаюць валанцёрам і медыкам
У Гародні кавярні «Наша Кава» і «Справа» пераходзяць у іншы рэжым працы. 20% з прададзенай кавы яны ахвяруюць на дабрачыннасць у агульнабеларускую кампанію, якая займаецца дапамогай беларускім медыкам.
Кажа ўладальнік кавярняў Зміцер Захарка:
– Ідэя прыйшла ў той час, калі па горадзе ўсе кавярні з-за істотнага змяншэння колькасці пакупнікоў пачалі рабіць зніжкі на вынас, то бок ты набываеш каву, і табе даюць зніжку, калі ты яе набываеш з сабой. Мы вырашылі, што гэта з аднаго боку нейкі дэмпінг. Мы не даём зніжку, але вырашылі, што 20% ад продажу на вынас пойдуць на ахвяраванне для медыкаў на сродкі абароны.
На думку Зміцера Захаркі, гарадзенцы вельмі станоўча рэагуюць на паведамленне пра дабрачыннасць:
– Большасць нашых наведвальнікаў гэта ведае з інстаграма, калі мы ўсё апублікавалі там і г.д. Усе кажуць – малайцы, таму што яны не згубяць гэтых 20-30 капеек. Карацей, гэта не надта істотная зніжка з кубка кавы 20-30 капеек, але вось калі іх шмат, то атрымліваецца больш-менш істотная сума.
Вялікая колькасць гарадзенскіх кавярняў проста зачынілася з-за адсутнасці кліентаў, а таксама з-за каронавірусу.
Беларускае Радыё Рацыя