Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе прыпынены
Чэмпіянат Беларусі па міні-футболе прыпынены да 25 красавіка. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні выканкама Беларускай асацыяцыі міні-футбола. Раней планавалася, што матчы першага раунда плэй-оф нацыянальнага першынства адбудуцца 11 красавіка, цяпер яны адкладзеныя. Пераможцам першага этапа чэмпіянату Беларусі па міні-футболе стаў гомельскі БЧ. Разам з ім прамыя пуцёўкі ў чвэрцьфінал заваявалі аршанскі „Вітэн”, менская „Сталіца” і гомельскі ВРЗ.
Андрэй Скабелка ў бліжэйшы час узначаліць „Лакаматыў”
Беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка ў бліжэйшы час узначаліць „Лакаматыў”. Пра гэта паведамляе sports.kz. Журналісты распавялі, што аб прызначэнні беларуса яраслаўскі клуб абвесціць ужо на гэтым тыдні. Скабелка пакінуў „Барыс”, які за два сезоны двойчы вывеў у другі раўнд Кубка Гагарына.
Галкіпер „Славіі” Міхаіл Бараноўскі стаў найлепшым гульцом 3-га тура чэмпіянату Беларусі
Галкіпер мазырскай „Славіі” Міхаіл Бараноўскі прызнаны найлепшым гульцом трэцяга тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У гасцявым паядынку з чэмпіёнамі краіны футбалістамі берасцейскага „Дынама” мазыране перамаглі з лікам 2:1, у чым немалая заслуга 37-гадовага брамніка, які неаднойчы ратаваў каманду.
Гандбольная Балтыйская ліга датэрмінова завяршыла сезон
Кіраўніцтва гандбольнай Балтыйскай лігі (BHL) вырашыла датэрмінова завяршыць сезон 2019/2020 у сувязі з распаўсюджваннем COVID-19. Савет Балтыйскай лігі прааналізаваў усе аспекты, звязаныя з пандэміяй каронавіруса ў краінах-удзельніцах турніру, і пасля абмеркавання з клубамі прыняў рашэнне аб датэрміновым завяршэнні сезона без размеркавання месцаў і аб’явы пераможцы і прызёраў. Гандбалісты менскага СКА, якія прадстаўлялі Беларусь у Балтыйскай лізе, сталі пераможцамі папярэдняй групы А, набраўшы 16 ачкоў у 10 праведзеных паядынках і выйшлі ў „Фінал чатырох”.
ФІФА бестэрмінова падоўжыць сезон-2019/20, кожная ліга сама зможа вырашыць, калі завяршыць чэмпіянат
ФІФА збіраецца бестэрмінова падоўжыць сезон-2019/20. Нацыянальныя федэрацыі самастойна вызначаць тэрміны завяршэння чэмпіянатаў. Таксама будуць зрушаныя часовыя рамкі летняга трансфернага акна, а клубы змогуць працягваць кантракты з футбалістамі, чые пагадненні мінаюць 30 чэрвеня гэтага года, каб яны змаглі дайграць астатнія матчы, паведамляе The Athletic.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя